В Ушачах прошла отчётно-выборная конференция районной организации Белорусского профессионального союза работников культуры, информации, спорта и туризма

Общество

На справаздачна-выбарнай канферэнцыі Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму абралі новага лідара.

“Ваша арганізацыя – у ліку лепшых на Віцебшчыне, – ахарактарызавала работу грамадскага аб’яднання старшыня абласнога галіновага прафсаюза А.А.Сабірава. – Ва ўсіх мерапрыемствах, акцыях прымаеце самы актыўны ўдзел, дэманструеце клас у конкурсах, годна працуеце на ўмацаванне прэстыжу аб’яднання ў калектывах. Не сумняваюся – у новай пяцігодцы працягнеце ў такім жа духу!”

З красавіка 2019-га па сакавік 2024-га пад старшынствам М.В.Дрозд, сапраўды, было зроблена нямала. За гэты час колькасць пярвічак у арганізацыі павялічылася да васьмі, на 1 студзеня 2024-га ў іх складзе значылася 209 членаў. Што цікава, адна суполка створана не з ліку працоўнага калектыву – прафсаюзны актыў сабрала пад сваім “крылом” індывідуальны прадпрымальнік В.М.Грак.

У сваім дакладзе Марына Валер’еўна падрабязна спынілася на заахвочваннях і гарантыях, прадугледжаных Калектыўнымі дагаворамі арганізацый, якія ўваходзяць у структуру галіновага прафсаюза. У прыватнасці, нагадала пра магчымасць выдзялення работнікам дадатковага водпуску працягласцю ад двух да пяці дзён, матэрыяльнай дапамогі да юбілейных дат, вяселляў і нараджэнняў, удзешаўлення пуцёвак у прафсаюзныя санаторыі. Штогод удзельнічаюць прадстаўнікі арганізацыі ў дабрачынных справах. Сёлета да Дня работнікаў культуры для ветэранаў працы арганізавалі салодкі стол, маладым спецыялістам падарылі грашовыя сертыфікаты. За плённую грамадскую дзейнасць 13 членаў раённай арганізацыі адзначаны Ганаровымі граматамі, Лістамі падзякі ад прафсаюзаў рознага ўзроўню.

Не абышлося без узнагарод і ў гэты дзень. Ад Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму была адзначана М.В.Дрозд. Праўда, рост па кар’ернай лесвіцы (цяпер намеснік дырэктара цэнтра культуры і народнай творчасці) не дазволіў Марыне Валер’еўне працягнуць грамадскую дзейнасць у якасці старшыні. Таму перад удзельнікамі канферэнцыі стаяла адказная місія – абраць новага лідара. І з гэтым праблем не ўзнікла: заўсёды была ў ліку актывістаў арганізацыі, заслужыла давер яе членаў метадыст аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры Таццяна Валер’еўна Рабізо.

Былі абраны таксама члены прафсаюзнага камітэта, рэвізійнай камісіі, іншыя органы арганізацыі, дэлегаты на абласную і агульную раённую канферэнцыі. А.А.Сабірава правяла цікавае навучанне для новых лідараў пярвічак.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *