Жители агрогородка Ильюшино массово участвуют во всех мероприятиях сельского Дома культуры

Культура

“Як шкада, што не пабачылі, як у нас Купалле прайшло. Не проста выдатна, а супер.

Музыка, конкурсы, гульні, антураж, хоць і немаладая, ды устаяць на месцы не магла. А гэта галоўнае ў масавых мерапрыемствах – захапіць публіку, зрабіць удзельнікам. А народу сабралася…І ўсе госці вяскоўцаў, і з суседніх вёсак прыехалі, засумавалі мы без клуба. І якая радасць, што ён ёсць, і што працуюць такія прафесіяналы”.

Так, Купалле стала першым адкрытым экзаменам новых супрацоўнікаў Ільюшынскага СДК Алега Барысавіча і Анжэлы Вячаславаўны Івановых, які яны вытрымалі на 10. Захапляльных водгукаў паступіла шмат, але той, што прывялі вышэй, мае асаблівую вагу. Ён ад былой гаспадыні культустановы Вольгі Логінавай – чалавека, які вельмі прыдзірліва ацэньвае справу калег і не ўмее раздаваць неапраўданыя кампліменты. Хаця першыя адзнакі аб калектыве паступілі яшчэ ў пачатку чэрвеня, з адкрыцця лагернай змены, дзе ільюшынскія школьнікі далі інструментальны міні-канцэрт на гітарах і балалайках. Усяго пасля двух месяцаў занятку ў гуртках.

Блізка пазнаёміцца практычна з усім складам ансамбля я змагла ў час наведвання клуба, дарэчы – у недамоўлены час. Блізка – бо невялікія пакоі у былым бары, пераабсталяваным пад ачаг культуры. І таму што наведваюць гурткі не па адным, а ўсе разам. Як магчыма навучыць дзяцей, не ведаючых нот, іграць, для мяне было загадкай. Такое ж пытанне задавалі Анжэле і метадысты цэнтра культуры. Яна ж ішла на эксперымент.

“Насамрэч, балалайка выручыла. Што б мы рабілі без інструмента, калі спачатку яшчэ і электрычнасці не было. А навучыцца іграць аказалася шмат жадаючых, таму пазычалі дзе маглі і гітары, неслі з дому дзеці і рарытэт. Вось гэтая балалайка нават з лагатыпам алімпіяды ў Маскве. Насця Анкудовіч, якая штодня прыязджае з Жар, прынесла”, – расказвае Анжэла Вячаславаўна.

А вось у Сашы Радзюш новенькая гітара з’явілася падчас наведвання гуртка. Сёлетні дзень нараджэння яна, канечне, не забудзе. 25 мая яе чакаў двайны сюрпрыз. Пачаліся заняткі з віншаванняў, а ў якасці падарунка дзяўчынка атрымала інструмент. Бацькі звязаліся з выкладчыкамі, каб параіцца, які лепшы. “Я з дзяцінства марыла навучыцца іграць на гітары, – кажа Саша, якая ходзіць у клуб разам са старэйшай сястрой Дзіянай. Апошняя – з тых нямногіх, хто наведваў некалькі год музыкалку і нотную грамату ведае. Але, аказваецца, не гэта галоўнае, а вялікае жаданне іграць.

Аня Ланцунцэвіч у клуб прыходзіць за некалькі гадзін да рэпетыцый. Чаму так рана? “Я вельмі баюся спазніцца, – гаворыць сціплая дзяўчынка. – Ды і іншыя на ганку намнога раней, мы гутарым, абмяркоўваем рэпертуар і радасна сустракаем прыезд Анжэлы Вячаславаўны і Алега Барысавіча.

Загадчык СДК займаецца з дзецьмі вакалам. Бацькі ведаюць, дзе прападаюць іх дзеці. Але не толькі таленты маладога пакалення мяркуюць развіваць культработнікі. Адбылося першае пасяджэння клуба па інтарэсах для дарослых – сапраўды засумавалі ільюшынцы, што і ў агародны – звычайна “мёртвы” для любых калектыўных спраў сезон – вырашылі збірацца.

“Тут многа калектываў раней існавала, нават народны клуб нацыянальных культур “Дружба”. Абавязкова ўлічым усе пажаданні, ды і ансамбль створым. Каго пасадзіць за ўдарныя і іоніку, ведаю. Працавалі ж у гаспадарцы і, спадзяюся, сталі сваімі, – гаворыць Алег Барысавіч. – А наладзіць сувязі са старэйшым пакаленнем дапамагае старшыня ветэранскай арганізацыі Таццяна Аўтух, якая наводзіць парадак і ўтульнасць у клубе. Пачалі ўжо ўрачыста віншаваць юбіляраў. У масавых мерапрыемствах зноў падставіць плячо наш бібліятэкар Кацярына Несцерава”.

Наколькі сваімі сталі ў аграгарадку культработнікі, пацвердзіла ўсё тое ж Купалле. Хто дзякаваў добрымі словамі, а хто моўчкі падыходзіў і абдымаў. “Такога прыёму, напэўна, не сустракаў ніколі. Гэта аванс і дарога толькі ў адзін бок – на развіццё здольнасцяў ільюшынцаў”, – расчулена казаў Алег Барысавіч. – Ну а магчымым гэта стала дзякуючы таму, што кіраўніцтва раёна, сектара і цэнтра культуры вырашылі самае складанае – знайшлі і адрамантавалі памяшканне пад СДК.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *