Праздник частушки и народного танца на одном дыхании прошёл в Ушачском районном центре культуры и народного творчества

Культура

На мінулым тыдні раённы цэнтр культуры і народнай творчасці поўніўся вясёлымі мелодыямі і звонкімі галасамі – тут ладзілася свята прыпевак і народнага танца “Эх, Сямёнаўна!”

На розныя тэмы, лад і манер прыпеўкі выконвалі работнікі цэнтра, нават вядучыя ў гэты дзень адышлі ад звыклых традыцый і аб’яўлялі выканаўцаў у гэтай жартоўнай форме. Сярод іх проста не магло не быць Вольгі Мацулевіч. Жанчына выдатна спявае, асаблівы ж яе “канёк” – частушкі, іх яна не толькі выконвае, а і складае сама. Не раз гэты талент жанчыны адзначаўся дыпломамі на адпаведным абласным конкурсе “А музыкі граюць, граюць…” Нікога не пакінулі раўнадушным жыццёвыя прыпеўкі ў выкананні загадчыка Плінскага сельскага клуба Веры Дрозд, іх, дарэчы, яна склала сама. Перанялі эстафету і развесялілі прысутных Наталля Каваленка, Анастасія Марозава і Ірына Байрамава. Апошняя рабіла гэта так бойка і задорна, што ў пляс хацелі кінуцца і самі вядучыя, і гледачы.

А вось танцавальную частку мерапрыемства ўзяў на сябе ўзорны фальклорны калектыў “Спадчына”, у рэпертуары якога ўжо больш 30 танцаў.

– І гэта не мяжа, мы пастаянна развучваем новыя, дзецям цікава асвойваць старадаўнія. З’яўленне ж менавіта нашага калектыву ў кантэксце гэтага свята невыпадковае: танцы “Базар”, “Лысы”, “На рэчаньку” і некаторыя іншыя суправаджаюцца прыпеўкамі, – зазначыла кіраўнік “Спадчыны” Г.С.Рудзёнак.

Зрэшты, сама Галіна Сяргееўна на памяць ведае больш паўтысячы прыпевак! Сярод іх таксама шмат уласнага сачынення. І на свяце яна выканала толькі невялікую частку свайго багатага рэпертуару. Частушкі пра смеласць жанчын, што прычына худаватасці ў тым, што мужык сала не дае, што за любоў і маладосць аддала б усё, выклікалі ў прысутных усмешкі і заслужаныя апладысменты.

Час свята выйшаў, а мне хацелася пачуць яшчэ больш прыпевак і паглядзець на зладжаныя танцы “Спадчыны”, а гэта азначае, што прайшло мерапрыемства на адным дыханні, атрымалася вясёлым і цікавым.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *