Готовим дрова на зиму

Зваротная сувязь

Хаця на двары яшчэ трымаецца даволі цёплае надвор’е, дбайныя гаспадары не дрэмлюць: рыхтуюць паліва на зіму. Доказам гэтага стала нядаўняя “прамая лінія” з дырэктарам ДЛГУ “Ушацкі лясгас” Аляксандрам Паўлавічам РУДАСАВЫМ, падчас якой у рэдакцыю паступалі тэлефанаванні, звязаныя ў асноўным з нарыхтоўкай дроў.

– Чаму пасля выпіскі паліва (маю на ўвазе гатовыя дровы) прыходзіцца падоўгу чакаць яго дастаўкі?
– Раней у лясгасе быў значны запас дроў і ў любы момант пры наяўнасці транспарту можна было забяспечыць імі насельніцтва. Зараз сітуацыя ўскладнілася. Многія прадпрыемствы, школы, іншыя спажыўцы выкарыстоўваюць для ацяплення катлы на мясцовых відах паліва. Пастаўшчыком для іх з’яўляецца лясгас. З падключэннем камунгасам другога ацяпляльнага катла ўдвая ўзрасла патрэба ЖКГ у дровах. Гэта прывяло да скарачэння нашых запасаў, а значыць і да ўзнікнення чэргаў. Для таго, каб палепшыць сітуацыю, штогод павялічваем аб’ёмы нарыхтоўкі драўніны на дзве тысячы кубаметраў, аднак і гэтага, як паказвае практыка, мала.
Да таго ж актуальнай застаецца праблема з транспартам: усе трактары заняты на вытворчасці, а таму здараецца, што тэхнікі для задавальнення патрэб насельніцтва не хапае.
– Хто забяспечваецца дрывамі ў першую чаргу?
– Некаторыя жыхары раёна сапраўды маюць вострую патрэбу ў паліве, сярод іх ёсць састарэлыя і тыя, хто адносіцца да катэгорыі льготнікаў. Яны забяспечваюцца палівам у першую чаргу. Трэба таксама адзначыць, што льготнікам дровы абыдуцца танней: ім прадстаўляецца скідка 50 працэнтаў.
Для таго, каб набыць дровы па льготным кошце, трэба звярнуцца ў райпаліўзбыт, з якім лясгас актыўна супрацоўнічае. Менавіта ў гэтай арганізацыі складаюцца спісы льготнікаў, якім патрэбны дровы. А ў сваю чаргу лясгас (адпаведнае лясніцтва) дастаўляе паліва па вызначаных адрасах.
Карыстаючыся выпадкам хачу звярнуцца за дапамогай да старшынь сельвыканкамаў і старэйшын населеных пунктаў. Вы на месцах больш дакладна валодаеце інфармацыяй аб запасах паліва ў грамадзян, аб наяўнасці падстаў для аказання ім ільготных паслуг. Упэўнены, што працуючы разам у дадзеным накірунку, мы здолеем станоўча і аператыўна вырашаць найбольш вострыя пытанні.
– Ці можна набыць дровы на ўмовах саманарыхтоўкі?
– Канечне, можна выкупіць лясны ўчастак для саманарыхтоўкі – у такім выпадку паліва абыдзецца танней. Наўрад ці яшчэ дзесьці можна купіць сем кубаметраў паліва (на карані) за 2-3 тысячы рублёў. Нават калі дадаць да гэтай сумы расходы на запраўку бензапілы і дастаўку, эканомія атрымліваецца значная. Параўнайце: каб купіць прычэп дроў у гатовым выглядзе, вам давядзецца выкласці з кішэні каля 250 тысяч.
Усе, хто мае жаданне прыняць удзел у саманарыхтоўцы драўніны, могуць звярнуцца ў лясніцтва па месцы жыхарства. Адпаведны ордэр для нарыхтоўкі выдаецца на падставе заявы і дакумента, які пацвярджае аплату.
– Як падбіраюцца месцы для высечкі лесу, нарыхтовак?
– Усе работы праводзяцца ў адпаведнасці са спецыяльным праектам развіцця лясной гаспадаркі раёна, які распрацоўваецца на бліжэйшыя дзесяць гадоў. Звычайна месцы для нарыхтовак падбіраюцца там, дзе ёсць пашкоджаныя дрэвы, у першую чаргу гэта прыдарожныя палосы, насаджэнні вакол населеных пунктаў. Ачыстка гэтых тэрыторый не только забяспечвае дрывамі нарыхтоўшчыкаў, але і спрыяе навядзенню парадку на зямлі, дзе кожны павінен быць руплівым гаспадаром.
– Заказаць дровы ў лясніцтве можна толькі ў буднія дні?
– Не. Зараз, з наступленнем першых халадоў грамадзяне актыўна ўключыліся ў працэс нарыхтоўкі дроў. З мэтай больш якаснай работы лясгаса па забеспячэнні насельніцтва палівам было прынята рашэнне прадоўжыць тэрміны нашай работы. З кастрычніка заказаць дровы ва ўсіх лясніцтвах акрамя будніх дзён можна будзе і па суботах да 13 гадзін.
Падчас “прамой лініі” А.П.Рудасаву паступалі і некаторыя іншыя пытанні прыватнага характару. На ўсе былі дадзены канкрэтныя адказы. Аляксандр Паўлавіч, не адкладваючы вырашэнне хвалюючых грамадзян праблем, адразу звязаўся з прадстаўнікамі пэўных структур, даў адпаведныя даручэнні.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *