“Прамая лінія” з дырэктарам Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Ганнай Уладзіміраўнай Хамёнак прайшла спакойна. Тэлефанаванняў было няшмат і насілі яны характар прапаноў. Ні з аднаго кутка раёна не прагучалі скаргі аб дрэнным забеспячэнні аўтамагазінаў. Яно і сапраўды значна палепшылася, а да Новага года паступілі і традыцыйныя атрыбуты свята: мандарыны, шампанскае, розныя віды цукерак.
– Хацеў бы паспытаць ушацкага павідла, паколькі чытаў, што яго фасуюць і ў невялікую тару, ці магчыма яго прывезці ў наш магазін? – пацікавіўся пакупнік з Мосара.
– Пастаўляць павідла ў магазіны і аўталаўкі магчыма, хаця не думаю, што попыт на яго быў бы вялікім – ведаю, як падоўгу заставаліся на стэлажах слоікі з варэннем. Ды і павідла мы фасуем не ў маленькія, а літровыя вядзерцы па 1,4 кілаграма, пад гэту тару выпушчана этыкетка. Па папярэдніх заяўках (пад канкрэтныя заказы) маглі б завозіць, аднак ні сёлета, ні ў пачатку наступнага года гэта не атрымаецца, паколькі трэба афармляць дакументы на продаж у дробнай тары ў розніцу.
– Раней у наш магазін у Казімірова прывозілі субпрадукты: свіныя галовы, ногі, печань. Самі ж парсюкоў не трымаем, а прывыклі да печанёвак і халадцоў, – прасілі вяскоўцы з Маладалеччыны.
– Так, калі ў нас адкрылася “Мясная лаўка” і быў вялікі забой, мы маглі накіраваць субпрадукты і па раёне. Зараз і ў гарпасёлку паступленні мяса два разы на тыдні і ў невялікіх аб’ёмах, лівер раскупляецца хутка. Паспрабуем хаця б кропачна задаволіць вашу заяўку.
– Чулі, што ў магазіне “Будматэрыялы” размесціцца чарговы гандлёвы сеткавік. Ці так гэта?
– Мы перанеслі магазін на Ленінскую толькі ў лістападзе і з прапановамі аб арэндзе да нас пакуль ніхто не звяртаўся.
– Раней ваша кафэ працавала ў спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы”, было вельмі зручна зазірнуць пасля заняткаў за гарбатай ці вадой, чаму зачыніліся?
– Гэтае памяшканне мы бралі ў арэнду, і толькі за яе плацілі 5 тысяч у месяц, не гаворачы пра камунальныя паслугі. Асноўны ж прыбытак прыносіла харчаванне спартсменаў, што зараз ажыццяўляецца ў кафэ новага інтэрната. Такім чынам аб’ект для нас быў бы абсалютна стратным.
Гутарыла Вольга Караленка.