Валентина Геннадьевна Столбунова успешно справляется с двойными обязанности

Наш современник

Можна лічыць, што жыхарам Дубраўкі пашанцавала: тут жыве і працуе Валянціна Генадзьеўна Сталбунова. Гэта адказная і добразычлівая жанчына ўжо 18 год абслугоўвае тэрыторыю былога Дубраўскага сельсавета па лініі Белдзяржстраха, а калі два з паловай гады таму да яе звярнуліся з прапановай узначаліць вясковы комплексны прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання, узяла на сябе і такі абавязак. 

Валянціна Генадзьеўна добра ўсведамляла, што ўмовы працы тут вельмі далёкія ад камфортных. Дастаткова сказаць, што памяшканне КПП зімой не ацяпляецца: сістэма паравога ацяплення выйшла са строю, а на тое, каб усталяваць пячное, пакуль няма сродкаў. Вось і даводзіцца Валянціне Генадзьеўне ці “каравуліць” кліентаў у размешчаным побач магазіне, ці прапаноўваць паслугі непасрэдна па дамах вяскоўцаў.
Дарэчы, калі класіфікаваць паслугі, можна адзначыць, што найбольшым попытам, як гэта ні сумна, зараз карыстаюцца рытуальная тавары. Яно і зразумела – большую частку насельніцтва тут складаюць сталыя людзі. Вяскоўцы вельмі задаволены, што маюць магчымасць набываць на месцы ўсё неабходнае, на КПП нават прымаюцца заказы на выраб і ўстаноўку помнікаў, што, безумоўна, вельмі зручна.
Можна атрымаць у Дубраўцы і больш “прыемныя” паслугі. Два разы на месяц сюды прыязджае з райцэнтра цырульнік. Далёка не кожны вясковец можа сабе дазволіць штогод купляць новыя боты ці чаравікі, таму вельмі запатрабаваная паслуга – рамонт абутку. Дзякуючы намаганням Валянціны Генадзьеўны для жыхароў 22 вёсак, якія яна абслугоўвае, гэтая праблема вырашаецца проста. Жанчына аб’язджае ўчастак на веласіпедзе, збірае абутак, які патрабуе рамонту, і адвозіць заказы ва ўшацкую майстэрню. “Усё роўна штотыднёва бываю ў райцэнтры па справах, вось і прыхопліваю з сабой сумку з чаравікамі”, – тлумачыць жанчына. Ніхто не прымушае яе гэта рабіць: абутак можна было б адпраўляць на машыне, якая прывозіць у Дубраўку цырульніка, аднак пры гэтым тэрмін выканання заказаў істотна павялічваўся б. Дарэчы, на названым транспарце дастаўляюцца ў рамонтную майстэрню тэлевізары вяскоўцаў. Гэта не вельмі зручна, бо часта паломкі бываюць несур’ёзныя і для рамонту дастаткова ўсяго толькі замяніць пэўную дэталь. У гэтым сэнсе было б аптымальна збіраць тэлевізары на КПП і перыядычна прывозіць сюды майстра, аднак, як ужо згадвалася, у халодным памяшканні няўтульна не толькі людзям, але і радыётэхніцы.
“Валянціна Генадзьеўна працуе ў складаных умовах, аднак яна з тых людзей, хто не прывык скардзіцца, – расказвае начальнік КБА Надзея Васільеўна Бурак. — Жанчына цярпліва пераадольвае цяжкасці, вышуквае ўсялякія магчымасці, каб задаволіць патрэбы вяскоўцаў і выканаць план паслуг, якія вельмі часта перавыконвае. Бывае, што нават у выхадныя яна аб’язджае свой вялікі ўчастак і прымае заказы. За ўсё гэта, а таксама за цудоўныя чалавечыя якасці, Валянціну Генадзьеўну вельмі паважаюць і кліенты, і калегі”.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *