Редкий дар ушачанина Александра Михалевича — не отказывать в помощи

Здравоохранение Наш современник Наши земляки

Вучыцеся вы для сябе. А вось што зрабілі агульнакарыснага, – прамаўляла падчас класных гадзін наша Алена Барысаўна Каваленка, паглядаючы ў тым ліку і на Сашу Міхалевіча. А ён, выдатнік, які з залатым медалём скончыў Ушацкую школу, сапраўды не вельмі любіў грамадскіх нагрузак. Не магла ведаць тады класны кіраўнік, што ніхто з нашага вялікага (за трыццаць чалавек) класа не будзе рабіць для людзей больш, чым ён. Не для сусвету ў цэлым, а для канкрэтных – знаёмых ці зусім чужых.

Белы халат робіць чалавека больш прадстаўнічым і сур’ёзным. Аднак Аляксандр Раманавіч быццам і не бывае ніколі суровым. Імгненна падкупляе і маладога, і пажылога жартоўнай гісторыяй ці анекдотам. А пакуль расслаблены пацыент па-сяброўску адказвае на розныя пытанні доктара – хуценька запаўняе карту падрыхтоўкі да аперацыі. Па гэтых самых адказах вопытны анестэзіёлаг складае ўражанне аб эмацыянальна-псіхалагічным стане чалавека, даведваецца пра пераноснасць медыкаментаў, асаблівасці арганізма… па ўсім гэтым потым будзе вызначаць, які наркоз і ў якім аб’ёме даць.
– У нашай справе не бывае паўтораў, кожны выпадак, канкрэтны чалавек, як і ход самой аперацыі – індывідуальны. Работа цікавая, хоць вельмі многа трэба ўсяго ведаць. Неабходна стварыць поўную нерухомасць цела, таму пры агульным наркозе падключаецца шмат апаратаў, якія замяняюць дыханне, гарантуюць адсутнасць спазмаў. Анестэзіёлаг знаходзіцца заўсёды побач і сочыць за тым, што робіць хірург, як адчувае сябе пацыент. На разрэз поласці, напрыклад, патрэбен слабейшы наркоз, чым пры выдаленні органа. Па рознаму рэагуе на наркоз кожны арганізм. За мяжой пераважна прымяняюцца матрыцы (ланцужок дэтэктараў) і гэта спрашчае тваю задачу – можна ўвесці дадатковую дозу ці замяніць прэпарат на патрэбным адрэзку аперацыі. У нас з-за дарагавізны яны выдзяляюцца рэдка. А калі абязбольваеш усяго за некалькі прыёмаў – назад вярнуць нічога нельга і неабходна адразу правільна ацаніць сітуацыю.
Анестэзія – толькі адзін з абавязкаў урача Аляксандра Раманавіча Міхалевіча. У другой абласной клінічнай бальніцы, якую большасць людзей па-ранейшаму называе чыгуначнай, анестэзіёлагі па месяцы замацаваны за пэўнымі аддзяленнямі: хірургічным, гінекалагічным, кардыялагічным – гэты час спецыялізуюцца на аперацыях аднаго профілю. Потым месяц працуюць як рэаніматолагі непасрэдна ў сваім аддзяленні. І ўсё гэта густа “аздоблена” дзяжурствамі, асабліва ў летнія месяцы.
Дзень медыцынскіх работнікаў, а гэта заўсёды нядзеля, Аляксандр Раманавіч сустракаў на пасту. Дакладней сказаць – сустракаў пацыентаў, якія паступалі ў бальніцу па выкліку “хуткай дапамогі”, і толькі ноччу правёў тры аперацыі.
Панядзелак жа быў звычайным рабочым днём з трыма вялікімі запланаванымі аперацыямі, як і аўторак, серада, пятніца. Чацвер і субота – думаеце, выхадныя? – наадварот, зноў кругласутачныя дзяжурствы. І іх не параўнаць з дзяжурствамі, напрыклад, вартаўніка, калі трэба проста быць на пасту – гэта велізарная адказнасць, бо ў тваіх руках у прамым сэнсе гэтага слова – жыццё канкрэтнага чалавека.
Некалькі разоў мы пераносілі нашы сустрэчы, таму што паступалі чарговыя пацыенты. А ў адзін з дзён урач проста не быў схільны да размовы. За час дзяжурства ў рэанімацыі за ноч памерла два чалавекі. І хоць гэта не першы лятальны зыход за час яго 24-гадовай практыкі, прывыкнуць да такога і ставіцца спакойна ўсё роўна не можа. Хоць, канечне, намнога больш тых, хто ўдзячны яму за атрыманую дапамогу. А вяртаюць да жыцця рэаніматолагі кожны дзень.
– Гадзін шэсць змагаліся за жыццё мужчыны, які паступіў з моцным алкагольным атручваннем. Я і зараз сустракаю яго калі-небудзь на вуліцах Віцебска. Тады зрабілі можна сказаць немагчымае. І ў такіх выпадках больш за ўсё шкада, што самі людзі так ставяцца да свайго здароўя. Менталітэт нашага народа і на тым жа Захадзе непараўнальны: слова доктара там – закон, атрыманыя парады выконваюцца неаспрэчна. Здароўе перш за ўсё ў руках самога чалавека. Хочацца, каб гэта разумелі.
“Хто Міхалевіч па спецыялізацыі?”, – запыталася неяк мая траюрадная сястра. І патлумачыла сваю зацікаўленасць. Ва ўшацкую бальніцу яна трапіла з гнойнай ангінай, дзяжурыў А.Р.Міхалевіч (сямейная пара медыкаў – анестэзіёлаг-рэаніматолаг Аляксандр Раманавіч і гінеколаг Ала Ігараўна тады яшчэ працавалі ва Ушацкай раённай бальніцы). “Заціснуў мае калені, закінуў галаву, скальпелем зрабіў упэўнена надрэз, сказаў, чым паласкаць горла, і я амаль адразу змагла спакойна глытаць. Праз некалькі год падобнае паўтарылася, толькі ўжо ў Мінску. Пракол на гландах тады ўжо рабілі на кафедры аднаго з навукова-даследчых цэнтраў, якая спецыялізуецца менавіта на гнойных запаленнях горла. З бальніцы я прасілася на другі тыдзень, баючыся там сустрэць Новы год, так і не вылечыўшы горла”. Факт паказальны наогул для таго, як любім мы прыніжаць ролю раённых медыкаў, маўляў, куды ім да сталічных.
Гэты выпадак я прыгадала і Аляксандру Раманавічу. “Увогуле па першай спецыялізацыі я менавіта лор, таму пра горла ведаю ўсё, а падобная аперацыя – радавая. І толькі калі па размеркаванні трапіў у Гомельскую вобласць – гэта быў 1989 год, памяняў профіль і інтэрнатуру праходзіў ў абласным цэнтры”.
Гэта быў час, яшчэ вельмі блізкі да катастрофы на ЧАЭС, калі ў раённых цэнтрах Гомельшчыны не хапала спецыялістаў усіх профіляў. Там аднагрупнікі Аляксандр і Ала набывалі першы вопыт самастойнай працы, там, у Калінкавічах, нарадзіўся іх першынец Стас і ўжо ў Віцебску – Цімур. Сёння старэйшы наследнік ужо закончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, дарэчы, паступаюць у які выключна з адзнакамі 28-29 балаў з трыццаці максімальных. Лёгка валодае некалькімі мовамі. Мары малодшага васьмікласніка, які таксама выдатна вучыцца ў Віцебскай гуманітарнай гімназіі, спявае – удзельнік калектыву “Карамелькі”, яшчэ больш узнёслыя. Абодва сыны сябруюць са спортам, як, дарэчы, і бацька, які і сёння гуляе ў валейбол (з часоў заняткаў ва Ушацкай СШ), наведвае басейн, выязджае ў складзе каманды на турыстычныя зборы.
Камунікабельная, вясёлая, начытаная і вельмі спагадлівая ўся сям’я Міхалевічаў. Рэдка якая жонка пагадзіцца прымаць у сябе дома бясконцыя патокі ўшачан, што прыязджаюць у абласную сталіцу падлячыцца. Ды і сам Аляксандр Раманавіч не заўсёды ведае тых, хто начуе ў яго кватэры. То маці, Людміла Пятроўна, па дабрыні душэўнай “падкіне” сыну дадатковую нагрузку, то бацька, Раман Васільевіч, які перакананы, што людзі павінны падтрымліваць адзін аднаго, папросіць дапамагчы. Такім выхавалі і сына, які насамрэч чужым людзям больш удзяляе ўвагі, чым родным. Пры такім складзе жыцця – нават няма калі проста выспацца…
І яшчэ адна адметная рыса Аляксандра Раманавіча – сціпласць. Яго не зацягнеш на сцэну падчас вечароў сустрэч, ён не любіць, каб на ім акцэнтавалі ўвагу, і толькі адзіным аргументам пераканала, каб ён пагадзіўся стаць героем артыкула – гэта будзе прыемна бацькам. Так, любыя бацькі ганарацца сваімі ўдалымі дзецьмі. А Раману Васільевічу і Людміле Пятроўне сапраўды можна ганарыцца сваімі нашчадкамі.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *