В 2023 году в Ушачском районе от укусов клещей пострадало 5 человек

Здравоохранение

Летась ва Ушацкім раёне ад укусаў кляшчоў афіцыйна пацярпела пяць чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Зарэгістравана два выпадкі заражэння на Лайм-барэліёз, якога на працягу многіх гадоў у нас не было.

Любімыя месцы пасялення кляшчоў – зацененыя і вільготныя лясы з густым травастоем і падлескам. Найбольшая колькасць насякомых канцэнтруецца на траве па абочынах сцежак. Усё часцей можна сустрэць іх і ў горадзе.

Клешч “чуе” чалавека нават за 10 метраў, а нападае з аднаго. Найбольшая яго актыўнасць назіраецца ў 9 і 20 гадзін. Прысмоктваецца, як правіла, да галавы, шыі, грудной клеткі без болю і непрыкметна.

Паклапаціцеся аб прафілактычных мерах. Апранайцеся такім чынам, каб зменшыць магчымасць пранікнення кляшчоў пад адзенне. Штаны запраўце ў шкарпэткі са шчыльнай рызінкай, боты, а верхнюю частку – у штаны. Лепш, каб манжэткі рукавоў шчыльна прылягалі да рукі, а валасы былі запраўлены пад хустку ці шапку. Выкарыстоўвайце акарыцыдна­-рэпелентныя сродкі, якія наносяцца на адзенне і адкрытыя ўчасткі цела. Рэгулярна праводзьце сама-­ і ўзаемаагляды, а пасля вяртання з лесу ўважліва праверце цела і адзенне.
Калі выявілі паразіта, пастарайцеся як мага хутчэй ад яго пазбавіцца. Для гэтага пасля дэзінфекцыі ў месцы ўкусу трэба падчапіць кляшча стэрыльнай іголкай, выдаліць як звычайную стрэмку, а пасля апрацаваць ёдам і заклеіць ранку. Можна выкарыстаць і іншы спосаб: накінуць на галаўную частку кляшча пятлю з ніткі і акуратна (каб не адарваць хабаток) разгойдваючы, вырваць са скуры. Пры выдаленні кляшча нельга выкарыстоўваць масла, тлусты крэм, вазелін: яны закрываюць дыхальныя адтуліны насякомага і правакуюць дадатковы выкід узбуджальнікаў у кроў чалавека.

Ні ў якім разе не расціскайце кляшча: пры гэтым можна заразіцца, асабліва калі на руках ёсць ранкі. Пры выпадковым расцісканні насякомага неадкладна вымыйце рукі з мылам.
І ўсё ж лепш для выдалення кляшча звярнуцца ў лячэбную ўстанову, дзе спецыялісты зробяць гэта якасна і дадуць кансультацыю па далейшых дзеяннях. Даследаваць насякомае на наяўнасць хваробы Лайма ці клешчавага энцэфаліту можна ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя па адрасе: г.Віцебск, вул.Жэсткова, 25, каб.102.

Установа працуе з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 16.00, тэлефоны: (8-0212) 37-21-19, 37-96-74, а таксама ў Аршанскім занальным ЦГЭ і рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Таццяна ДУБРОЎСКАЯ,
памочнік урача-эпідэміёлага Ушацкага РЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *