Почтальона всегда ждут!

Наш современник

Вёска Малыя Дольцы знаходзіцца далёка ад райцэнтра, тым больш ад гарадоў. І застаюцца вернымі ёй у асноўным толькі тыя, хто па-сапраўднаму любіць звыклае сельскае жыццё, хто ўцягнуўся ў яго нястомны кругаварот.
Сярод такіх жыхароў Малых Долец сям’я Тамары Фёдараўны і Васіля Пятровіча Кулеш. Жанчына расказвае, што адсюль яна і родам. Пасля таго, як паспрабавала шчасця ў іншай мясцовасці, вярнулася ў родную вёску, у хату бацькоў.
Восем гадоў як Тамара Фёдараўна працуе паштальёнам. Яе ўчастак – гэта акрамя Малых Долец яшчэ і Лагі, пасёлак Мірны. Няпроста дабірацца да гэтых населеных пунктаў, асабліва ў непагадзь. У любое надвор’е дапамагае верны спадарожнік – веласіпед. А яшчэ і на ваджэнне аўтамабіля жанчына мае правы. Бывае, накіроўваецца не на абход, а на аб’езд.
Работа паштальёна, не з ліку высокааплатных, але вельмі патрэбная людзям. У паштовым аддзяленні Малыя Дольцы іх двое, хто разносіць вяскоўцам перыёдыку, пенсіі, прымае розную аплату. У гэтых жанчын клопату хапае. Тамара Фёдараўна Кулеш і яе яшчэ больш вопытная калега Рэгіна Пятроўна Міхаль – жаданыя госці ў кожным доме свайго ўчастка.
На вёсцы немагчыма абмяжоўвацца толькі асноўнай работай. Ёсць яшчэ і тая, якая чакае дома. У Тамары Фёдараўны і яе мужа нямала абавязкаў, якія яны на сябе ўзялі, завёўшы асабістую гаспадарку. Конь, карова, свінні, авечкі пастаянна ў хлявах сям’і Кулеш. Бычкоў звычайна трымалі, потым здавалі на мяса. Работа па доглядзе жывёлы ў асноўным ручная. Тэхнікі ў сям’і няма. Калі што, выручаюць аднавяскоўцы, напрыклад, сенакасілкай. Няпроста спраўляцца з усімі справамі. Але ж, як гаворыць Тамара Фёдараўна, без працы не было б і дастатку. На вёсцы лянота – не памочніца.  
Старэйшынам роду ў гэтай сям’і з’яўляецца бацька гаспадыні Фёдар Пракопавіч Дальчанін. Яго дачка расказвае, што яму 85 гадоў, 40 з іх адпрацаваў лесніком. Маці няма ўжо. Руплівасць дачкі – ад бацькоў, якія не здрадзілі вёсцы, перадалі ў спадчыну свае ўменні, вернасць роднаму кутку і цярплівасць. Вось і ўнук Фёдара Пракопавіча Сяргей набывае ў Віцебску рабочую прафесію – вучыцца на слесара па рамонце машын.
Што і казаць, у вёсцы нямала такіх праблем, якія лёгка вырашаюцца ў горадзе. Вось і даехаць да Малых Долец з райцэнтра ці таго ж Віцебска – не тое, што на тралейбусе па вуліцах. У сям’і Кулеш кожны дзень – дарога. Муж Тамары Фёдараўны родам з суседняга раёна. Там і працуе больш за дваццаць гадоў у Лепельскім леспрамгасе вальшчыкам лесу. Няпроста дабрацца да месца работы. А потым яшчэ і фізічная нагрузка. Але патомныя вяскоўцы моцныя, загартаваныя працай.
Тым не менш, нішто гэтым руплівым людзям не чужое. У хаце – тое, што і ў гараджан. Стол – можа нават і багацейшы, чым у якога жыхара шматпавярхоўкі. Усё ж ад старання чалавека залежыць.
Аб сустрэчы з Тамарай Фёдараўнай я не дамаўлялася загадзя, а выгляд у яе быў – нібы падрыхтавалася да фотаздымка. Паразмаўлялі, села на веласіпед – і накіравалася да дамоў вяскоўцаў. Ад аднаго да другога мільгала яе прыгожая зялёная кофтачка.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: Т.Ф.Кулеш.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *