В Ушачах высадили 1426 саженцев в рамках благоустройства района

Год благоустройства Общество

Ажно 1426 саджанцаў дрэў, дэкаратыўных кустоў і кветак высадзілі гэтымі майскімі днямі ва Ушачах. Неабходны пасадачны матэрыял – маладыя ясені і ліпы, чаромха і кіпарысы, кізільнік і спірэя, ружы і альпійскія гваздзікі, іншыя расліны – набыты на суму 35 тысяч рублёў.

– Усё гэта робім для сябе – каб наваколле радавала вока, каб было дзе прагуляцца, падыхаць свежым паветрам, – адзначыў на адным з аб’ектаў старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. – Таму задзейнічаны не толькі камунальнікі, але і ўсе нераўнадушныя грамадзяне. Дзесьці дастаткова “даць прапіску” ўсяго некалькім дрэўцам, каб тэрыторыя зайграла новымі фарбамі. Ну а недзе закладваем цэлыя алеі.

Дарэчы, на адной з такіх – па вуліцы Віцебскай – у мінулую пятніцу і сустрэлі вялікі працоўны дэсант. Прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, у тым ліку прыватных, не адну гадзіну азелянялі пешаходную дарожку ад аўтазапраўкі да павароту на спарткомплекс, з абодвух бакоў прадумана чаргуючы рабіну, ліпу, клён. А непадалёк – ля “Юнацтва-Ушачы” – займаліся пасадкай бяроз.

…Значна папрыгажэла ля райвыканкама і загса, у скверах па вуліцах Ленінскай і Савецкай, у многіх дварах гарпасёлка, што было прадугледжана раённым планам па добраўпарадкаванні. Па словах начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіла Аляксандравіча Шука, нягледзячы на вялікія аб’ёмы зробленага, не менш пасадак запланавана і на восень.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *