Сёлетні май прынёс Узорнаму аркестру народных інструментаў Ушацкай ДШМ адно з найвялікшых дасягненняў у яго 40-гадовай гісторыі – выхаванцы Маргарыты Грынберг атрымалі гран-пры абласнога конкурсу дзіцячых аркестравых калектываў.
Чаму такой знакавай з’яўляецца перамога? Справа ў тым, што гэта своеасаблівы творчы агляд усіх дзіцячых аркестраў рэгіёну – сімфанічных, духавых, эстрадных, народных – якія створаны не толькі ў школах мастацтваў, а і ў іншых установах культуры і адукацыі. Уявіце, якая моцная была канкурэнцыя! Увогуле калектыву з маленькага раённага цэнтра, дзе не так шмат вучняў, няпроста сапернічаць са знакамітымі гарадскімі, у якіх для атрымання месца ў складзе дзеці праходзяць спецыяльны адбор. Ушачанам жа ўдалося стаць абсалютна лепшымі!
“Шчыра кажучы, менавіта сёлета на такія лаўры не надта разлічвала. У нас і жрэбій быў не лепшым: конкурс доўжыўся тыдзень, мы ж выступалі ў першы дзень і павінны былі моцна ўразіць, каб запомніцца. А галоўнае, у калектыве праходзіць змена пакаленняў, амаль трэцяя частка дзяцей далучылася да аркестра толькі ў гэтым навучальным годзе, і вельмі прыемна, што ніхто з іх не падвёў!” – не хавае эмоцый нязменны мастацкі кіраўнік і дырыжор Маргарыта Грынберг.
✦ Дарэчы, наш аркестр быў адным з самых шматколькасных: перад выступленнем рабочыя сцэны нават удакладнялі, ці сапраўды ўшачанам трэба аж 4 дзясяткі стулаў. Што да праграмы, то яна была падабрана вельмі ўдала: брэндавы нумар з музыкай да “Сямнаццаці імгненняў вясны” стаў данінай юбілею Вялікай Перамогі, ну а “Венгерскія мелодыі” з цымбальным сола Ірыны Коршун і “Калінка” з першых акордаў заводзяць любую залу.

Менавіта апошні твор – любімы ў Святаслава Люцько і Ягора Барысёнка. У такім адказным конкурсе яны бралі ўдзел упершыню, але годна справіліся з партыяй балалаек прыма. Хлопчыкі паказалі нам свае пальчыкі з мазалямі ад струн, а на заўвагу, што гэта, напэўна, балюча, па-даросламу патлумачылі: “Спачатку непрыемна, а потым прывыкаеш. Для нашага інструмента гэта нармальна!”. І калі Святаслаў – навічок калектыву, то яго старэйшы брат Уладзіслаў, які грае на кантрабасе, – адзін з ключавых аркестрантаў. Тое ж можна сказаць і пра бас-гітарыста Марка Шалыгу. Хлопчык проста апантаны музыкай: бацькі падарылі яму на дзень нараджэння электрагітару, якую сын цяпер амаль не выпускае з рук. Дарэчы, перад выкананнем конкурснай праграмы адбыўся форс-мажор: інструмент выйшаў са строю, і Марку давялося іграць на чужым. Прызнаецца, што было вельмі нязручна, але з задачай хлопчык справіўся.
◉ Сёлета Глеб Кісель, Улад Люцько і Глеб Курбака мяркуюць паспрабаваць свае сілы пры паступленні ў музычны каледж, а Жэня Мялешка мае такія планы на наступны год.
І канечне, варта прыгадаць старажылаў калектыву – баяністаў Глеба Кісяля і Ілью Крахотка, дамрыстку Яўгенію Мялешка, ксілафаніста Яўгена Дуніка, якія выконваюць адказныя сольныя партыі. Дарэчы, тры першыя ўжо скончылі “музыкалку”, але па-ранейшаму ходзяць на рэпетыцыі. “Аркестр – наша ўсё! Ды і як пакінуць сяброў і любімага выкладчыка Маргарыту Андрэеўну?!” – кажуць яны.
✦ У сваю чаргу М.Грынберг падкрэслівае вялікую і плённую працу ўсіх сваіх падапечных, а таксама педагогаў, без старанняў якіх нічога не атрымалася б.
Сёння вечарам у народнага аддзялення вялікі справаздачны канцэрт і няма сумненняў, што пройдзе ён з аншлагам. Нашы землякі любяць такую музыку і, канечне, ганарацца, што менавіта на Ушаччыне дзейнічае лепшы дзіцячы аркестр Прыдзвіння!
Наталля БАГДАНОВІЧ.