Кніга заўваг і прапаноў або “кніга скаргаў”, як яе часцей называюць – гэта дакумент адзінага ўзору, прызначаны для ўнясення заяў, прапаноў і скаргаў. На самыя частыя пытанні, якія датычацца Кнігі, папрасілі адказаць загадчыка сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ушацкага райвыканкама Ірыну Леанідаўну Літвінаву.
– Пачнём з таго, што Кніга прад’яўляецца па першым патрабаванні?
– Так. Пры гэтым грамадзянін не абавязаны паказваць дакументы, якія пацвярджаюць асобу, або тлумачыць прычыны, якія выклікалі неабходнасць унясення заўвагі ці прапановы. За адсутнасць Кнігі або яе непрад’яўленне па першым патрабаванні прадугледжаны штраф у памеры да чатырох базавых велічынь. Падкрэслю і тое, што Кніга вядзецца не толькі ў арганізацыі, а і ва ўсіх яе падраздзяленнях, месцах рэалізацыі імі тавараў і паслуг. Нядаўна адзін з індывідуальных прадпрымальнікаў, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на Ушаччыне, адмовіў у выдачы Кнігі спажыўцу, спасылаючыся на тое, што яна знаходзіцца не на аб’екце, а па месцы рэгістрацыі. Таму калі вам кажуць, што Кніга скаргаў і прапаноў “у офісе”, то гэта парушэнне.
– Не ўсе грамадзяне ведаюць, што дакумент цяпер вядзецца не ва ўсіх арганізацыях.
– Раней Кнігу заўваг і прапаноў вялі ўсе юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі. З 2023 года (згодна з пастановай Савета Міністраў ад 19.12.2022 №877) дакумент павінен быць толькі ў арганізацыі, ІП, якія рэалізуюць тавары, выконваюць работы, аказваюць паслугі. Да прыкладу, не абавязаны цяпер мець Кнігу ва ўстановах адукацыі, рэдакцыях газет, аўташколах, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Выказаць сваю заўвагу ці прапанову ў дачыненні такіх арганізацый можна толькі з дапамогай пісьмовага або электроннага звароту.
– У якіх выпадках могуць не давацца адказы на звароты заяўнікаў?
– Калі ў іх адсутнічаюць рэкамендацыі, патрабаванні, хадайніцтвы, паведамленні аб парушэнні актаў заканадаўства, недахопах у працы арганізацый, утрымліваюцца толькі падзякі ці пазначана просьба заяўніка не накіроўваць адказ на зварот. А таксама калі па выкладзеным пытанні перапіска з заяўнікам была спынена раней, а таксама пры паступленні ананімнага звароту ці ад юрыдычных асоб і ІП, якія не могуць уносіць заўвагі і прапановы ў Кнігу скаргаў.
Дарэчы, у Кнізе заўваг і прапаноў можна пакідаць і станоўчыя водгукі аб рабоце арганізацыі ў цэлым або канкрэтных супрацоўнікаў. Але не забывайце, што за абразлівы запіс можна атрымаць штраф.
– Скарга напісана, колькі часу даецца на яе разгляд?
– Зварот, унесены ў Кнігу, павінен быць разгледжаны па сутнасці, а спажывец атрымаць пісьмовы адказ не пазней за 15 каляндарных дзён. Калі сітуацыя патрабуе дадатковага вывучэння і праверкі – не пазней за адзін месяц. Адлік ідзе з дня, наступнага за днём рэгістрацыі звароту ў Кнізе скаргаў. Таксама ў дакуменце трэба зрабіць адпаведную адзнаку аб ходзе або выніках разгляду звароту, у тым ліку аб яго працягу не пазней апошняга дня разгляду.
– Дзякуй за тлумачэнні.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.