В Витебске чествовали лауреатов почетного звания «Человек года Витебщины-2022», среди них есть ушачане

Общество

“Прымайце віншаванні! Два лаўрэаты з 50 для маленькага раёна – гэта проста выдатна!” Такія словы ў пятніцу ўшацкай дэлегацыі на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 85-годдзю Віцебскай вобласці і ўшанаванню лаўрэатаў штогадовай прэміі “Чалавек года Віцебшчыны-2022”, давялося пачуць не раз ад калег з розных рэгіёнаў. У папярэднія тры гады прадстаўнікам Ушаччыны не ўдавалася трапіць у лік лаўрэатаў, сёлета ж прыемная навіна прыйшла адразу ў два працоўныя калектывы. Рашэннем аблвыканкама ганаровае званне прысвоена вядучаму юрысконсульту УП ЖКГ Ушацкага раёна Валянціне Эдуардаўне Анкудовіч і прадаўцу магазіна “Кулінарыя” Марыне Рыгораўне Камінскай.

Хацелася б падкрэсліць, што стаць “Чалавекам года Віцебшчыны”, канечне, заслугоўвае намнога больш людзей, чым прадугледжана пяццю намінацыямі. Усе раёны прапаноўваюць свае кандыдатуры, і вельмі складана вылучаць лепшых з лепшых, тым больш што ўлічваюцца не толькі асабістыя паказчыкі, а і вынікі дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый. Адзначыў гэта ў сваім выступленні і старшыня аблвыканкама А.М.Субоцін: “За званнем “Чалавек года Віцебшчыны” стаіць не імгненны трыумф, а аўтарытэт, які напрацоўваўся гадамі. Мы ўшаноўваем тых, хто будуе дамы і заводы, вырошчвае ўраджай і вырабляе прадукцыю, лечыць і вучыць, абараняе. Ва ўсіх галінах ёсць людзі, чый працоўны шлях служыць прыкладам для іншых”.

Дэлегацыя Ушацкага раёна.

Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што дзякуючы старанным работнікам у розных галінах сёння рэгіён працягвае актыўна нарошчваць сацыяльна-эканамічны патэнцыял. Па выніках мінулага года Віцебская вобласць заняла першае месца ў рэспубліцы па экспарце тавараў, рознічным і аптовым тавараабароце, другое – па валавым рэгіянальным прадукце і экспарце паслуг. Сёння Віцебшчына падтрымлівае знешнегандлёвыя адносіны са 107 дзяржавамі свету. У 2022 годзе адкрыты новыя рынкі, арганізаваны пастаўкі прадукцыі з віцебскай маркай у Дамініканскую Рэспубліку, Зімбабвэ, Ірак, Туніс, Эфіопію. У краіны далёкай дугі экспарт павялічыўся ў 12 разоў, а гэта амаль 54% экспарту вобласці. За гэтым, як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, стаіць напружаная праца, якую вялі органы мясцовай улады, дырэктарскі корпус, спецыялісты-прафесіяналы. Пазітыўныя перамены адбываюцца як у рэальным сектары эканомікі, так і ў сацыяльнай сферы. Аб прафесійным майстэрстве нашых педагогаў сведчаць годныя вынікі: упершыню Віцебская вобласць заваявала першае месца па колькасці дыпломаў у рэспубліканскай алімпіядзе.

На выставе дэгустацыі.

– Найважнейшым драйверам эканамічнага росту ў бліжэйшыя гады стануць інвестыцыі ў асноўны капітал. У 2023-м іх аб’ём павінен скласці 3,5 мільярда рублёў. Запланавана рэалізацыя больш 400 праектаў, і ні адзін з іх не здымаецца з рахункаў, нягледзячы на санкцыйны фактар, – заўважыў Аляксандр Субоцін.

Шмат віншаванняў з 85-годдзем утварэння вобласці прагучала са сцэны і відэапасланняў. Вялікая зала вітала былых кіраўнікоў Віцебшчыны: старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанку, які ўзначальваў рэгіён з 1994 па 2008 гады, і Мікалая Шарснёва – займаў гэты пост з 2014 па 2021 гады. Ім уручылі Ганаровыя граматы Віцебскага аблвыканкама.

Дэлегацыі раёнаў не шкадавалі апладысментаў для кожнага працаўніка, адзначанага ў гэты дзень дыпломам, нагрудным знакам і грашовай прэміяй у памеры сто базавых велічынь. Сярод узнагароджаных прадстаўнікі розных прафесій – шліфоўчык механічнага цэха ААТ “Вістан” з Віцебска, сацыяльны работнік з Чашніцкага раёна, паштальён – з Полацкага, трактарыст Лепельскага лясгаса, аператар машыннага даення з Верхнядзвіншчыны, жывёлавод з Лёзненшчыны, урач-анестэзіёлаг з Віцебскага гарадскога раддома, настаўнік Віцебскай гімназіі і многія іншыя.

– Надзвычай пачэсна атрымаць такое званне. Аб гэтым ніколі нават думаць не магла! Прыемна, што мае старанні і дзейнасць нашага прадпрыемства ў цэлым не засталіся незаўважанымі. Па родзе занятку даводзіцца часта мець справу з даўжнікамі ці незадаволенымі спажыўцамі, тлумачыць нюансы заканадаўства, разбірацца з мноствам дакументаў. А ў гэты дзень нібы трапіла ў казку, – дзялілася сваімі эмоцыямі В.Э.Анкудовіч.

У гэты ж дзень у Віцебскім аблвыканкаме Аляксандр Субоцін уручыў падзякі і ганаровыя знакі. За заслугі ў развіцці Віцебшчыны і ў сувязі з 85-годдзем вобласці іх былі ўдастоены 82 прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а таксама тыя, хто прымнажае патэнцыял паўночнага рэгіёну сёння.

Марыну Камінскую з “Кулінарыі” ведаюць многія ўшачане. Ды што там ушачане. Нават нашы калегі з “Віцебскіх вясцей”, убачыўшы яе ў спісе лаўрэатаў, шчыра парадаваліся. Бо калі бываюць у камандзіроўках у нашым раёне, абазкова заглядваюць у “Кулінарыю” за прысмакамі, а М.Камінскую запомнілі добразычлівасцю і ўменнем дагадзіць кожнаму пакупніку. Нездарма калектыў магазіна ўжо займаў пачэснае месца на раённнай Дошцы гонару, адзначаўся Граматамі раённага ўзроўню.

– Удзячна кіраўніцтву нашага філіяла, якое вылучыла маю кандыдатуру. Бясспрэчна хвалявалася, здавалася, лепш бы некалькі змен за прылаўкам без выхадных адстаяла. Аднак калі губернатар паціснуў мне руку, сказаўшы: “Марына Рыгораўна, Вы малайчына, дзякуй Вам за работу, не збаўляйце пазіцый!”, маё хваляванне знікла, атрымлівала асалоду ад мерапрыемства і думала, што буду працаваць яшчэ лепш! – адзначыла М.Камінская.

Прэмія “Чалавек Года Віцебшчыны” прысуджаецца з 2009 года. Раней вылучалі сотню лаўрэатаў у дваццаці намінацыях. Новы парадак – 50 чалавек у пяці намінацыях – устаноўлены з 2017 года.

Святочная атмасфера панавала не толькі на канцэртнай пляцоўцы, а яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства ў фае, дзе ўсе буйныя прадпрыемствы рэгіёну разгарнулі свае прэзентацыі, выставы, дэгустацыі. Так, напрыклад, “Белвест” і “Марка” запрашалі ацаніць навінкі абутку, а Верхнядзвінскі масласырзавод, Аршанскі, Віцебскі, Глыбоцкі мясакамбінаты, “Віцьба” і многія іншыя – паспрабаваць іх прадукцыю. На адной з пляцовак можна было азнаёміцца з творчасцю народных майстроў.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адбыўся канцэрт з удзелам калектываў Віцебска і вобласці. Праграма вылучалася глыбокім і пранікнёным сэнсам і не памылюся, калі скажу, што абсалютна нікога не пакінула раўнадушным. Зала стоячы слухала песню “Плакала зямля беларуская”, не шкадавала апладысментаў для самых маленькіх удзельнікаў з ансамбля “Зорка”, з захапленнем назірала і за арыгінальным нумарам ад акрабатаў з Оршы. Трэба адзначыць, што да гэтага прыгожага канцэртнага дзейства прыклалі руку і ўраджэнцы нашага раёна: у рэжысёрска-пастановачнай групе шчыравалі над падрыхтоўкай Ганна Елісеева і Дар’я Казак, якія свае першыя прафесійныя крокі рабілі на радзіме. Дарэчы, Ушачы гучалі са сцэны, не толькі калі выходзілі лаўрэаты. Вядучым канцэрта быў заслужаны дзеяч мастацтва Валерый Анісенка, а яго памочнікамі выступілі юныя жыхары з кожнага куточка вобласці, самай маленькай з якіх аказалася пяцігадовая ўшачанка Яна Шараева. Яна расказала, што на Ушаччыне ёсць выдатны санаторый, дзе лечаць людзей, а яшчэ адсюль родам знакамітыя пісьменнікі, праўда, чытаць яна яшчэ не навучылася. А вось у фінале мерапрыемства Яна па-даросламу рэзюмавала, што Ушачы і кожны з іншых раёнаў – часцінкі нашай агульнай радзімы Беларусь.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *