У Міжнародны дзень абароны дзяцей Ушацкі ўчастак электрасувязі РУП “Белтэлекам” зрабіў хлопчыкам і дзяўчынкам выдатны падарунак. На пляжы возера Вечалле для іх адкрылі шматфункцыянальны гульнявы комплекс “ЯСНА”.
Праект “Свята нашага двара разам з “ЯСНА” стаў добрай традыцыяй: ужо шмат гадоў у розных куточках краіны прадпрыемства стварае камфортныя пляцоўкі для дзяцей. Яркія комплексы аснашчаны сучаснымі гульнявымі модулямі, горкамі, пясочніцамі, арэлямі. Як падкрэсліў намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Дзмітрый Цімафееў, новы аб’ект удала дапоўніў дагэтуль існуючую на пляжы інфраструктуру. Паставілі ж яго паблізу выратавальнага паста, у зоне, дзе звычайна адпачываюць і купаюцца самыя маленькія.
Пуставаць гульнявы комплекс не будзе і ў іншы час года: на Вечалле многія прыходзяць сем’ямі пасля экскурсіі па дэндрапарку ці экасцяжыне лясгаса.
У дзень жа яго адкрыцця хлопчыкаў і дзяўчынак чакала насычаная забаўляльная праграма – з вясёлымі конкурсамі, казачнымі персанажамі, салодкімі пачастункамі. Лета на пляжы стартавала цёпла і ЯСНА!
- Дабрачынны праект рэалізуецца РУП “Белтэлекам” з 2017 года. За гэты час у гарадах і пасёлках Беларусі з’явілася звыш 150 канструкцый: гульнявых комплексаў, пляцовак для варкаўта, велапарковак.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

