На мінулым тыдні старшыня ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская і дырэктар ТЦСАН В.А.Ізмайловіч віншавалі з 90-годдзем Мікалая Афанасьевіча Балабоўку. Так і пазнаёміліся з ураджэнцам вёскі Старое Сяло Ушацкага сельсавета, які ўсё жыццё працаваў настаўнікам у Віцебскім раёне, а чатыры гады таму вярнуўся на малую радзіму. Пажылы чалавек уразіў! На развітанне ён прачытаў нам на памяць некалькі глаў з “Васіля Цёркіна”. Прасіў прабачэння, што пасля інсульту не надта шыбка і разборліва дэкламуе, а то і ўсю паэму Твардоўскага працытаваў бы.
Разгорнутая кніга ляжыць у яго на стале. Любімым аўтарам дзіця вайны штодня трэніруе памяць. А з якой выразнай інтанацыяй Мікалай Афанасьевіч распавядае пра “прыгоды” савецкага салдата! Нічога дзіўнага, калі даведваешся, што ён скончыў тэатральную студыю. Па вечарах пасля работы былы выпускнік Полацкага педвучылішча і Магілёўскага інстытута ехаў з вёскі Вароны ў драматычны тэатр імя Якуба Коласа, дзе і праводзіліся заняткі. Чарговыя “корачкі” яму ўручаў сам Ігар Ільінскі. Народны акцёр СССР і адгаварыў Мікалая Афанасьевіча прысвяціць свой лёс сцэне, хаця юнака і пакідалі ў трупе тэатра. “Занадта многа ў нас залежыць ад схільнасцяў рэжысёра, прафесія настаўніка, якую маеце, – больш надзейная”.
Але з тэатрам ён не развітаўся. У Варонскай школе настаўнік кіраваў агітбрыгадай, выступалі з канцэртамі. Добра быў знаёмы з Генадзем Гарбукам, які распачынаў творчы шлях на сцэне віцебскага тэатра, як і з Рыгорам Барадуліным. За выдатны голас сябры-акцёры называлі яго Левітанам. Зразумела, што па родзе заняткаў і хобі Мікалай Афанасьевіч шмат чытаў, хаця кажа, што дакладныя навукі былі яму не менш блізкія. Матэматыку не выкладаў, а вось пачатковую вайсковую падрыхтоўку – у розных школах Віцебскага раёна. Па-першае, мужчын не надта многа было і ў тыя часы, па-другое, з арміі ён вярнуўся ў званні старшыны. Ну а па-трэцяе, як халасцяк, якога і кідалі на адкрытыя вакансіі. Можна было і не пералічаць усяго, дастаткова, што адмовіцца партыец проста не мог. А камуністам Мікалай Балабоўка лічыць сябе з пяці гадоў. У партыю яго “прыняў” бацька, даўшы наказ расці годным і паставіўшы на дзень нараджэння чарговую зарубку аб росце на шафе. Ён загінуў у першыя дні вайны, з фронту прыйшоў усяго адзін ліст.
Як дарагую рэліквію захоўвае М.Балабоўка кнігу з аўтографам свайго настаўніка, Народнага артыста Беларусі Цімафея Сяргейчыка: “Майму таленавітаму вучню”.
Ад нараджэння ці ад пастаянных трэніровак у Мікалая Афанасьевіча добрая памяць. Дарэчы, з дакладнасцю да дня ён назваў сустрэчу з дзяўчынай, з якой бачыўся ўсяго некалькі хвілін і якую, па ўсім відаць, кахаў. А мабыць і ад таго, што мужчына ніколі не злоўжываў алкаголем і не курыў. Асабіста ён вылучае гэтыя асаблівыя ўмовы, а таксама фізічныя трэніроўкі. Усе аднавяскоўцы ведаюць, што М.Балабоўку няма роўных у касьбе. Ён штогод прыязджаў летам у вёску да маці, потым да родных і абкошваў усё наваколле, як да майстра, ішлі да яго з просьбай пабіць і наладзіць касу. Зараз і тое зробіць некалькі пракосаў, калі атрымаецца адкінуць кіёчак, а ў дзевяноста мог даць фору маладзейшым. Не думайце, што пераблытала лічбы. Гэта па пашпарце ён запісаны 29 мая 1935 года, а насамрэч на два гады старэй. І толькі хвароба прымусіла яго да пабочнай дапамогі – даглядае яго сям’я сваяка Мікалая Харашкевіча.
Вольга Караленка.