Более 30 лет за прилавком магазина в деревне Мосор. Рассказываем о продавце Наталье Борисёнок

Общество

Мосарскі магазін парадаваў сваім асартыментам. Ён не саступаў раённым крамам кааператараў. Халадзільнік і лары – запоўнены малочкай, каўбасамі, нават тартамі на выбар. На хлебных стэлажах боханы розных гатункаў. Прадавец шостага (самага высокага) разраду не баіцца заказаць яго больш, каб усім хапіла. А калі і застанецца – не бяда. Наяўнасць азёр у наваколлі Н.Д.Барысёнак таксама абярнула на сваю карысць, да яе спецыяльна заходзяць з просьбай даць счарсцвелы батон! Ёй, заядламу рыбаку, на слова вераць не толькі мужчыны. Жыхарка вёскі Белае, якая 31 год стаіць за прылаўкам гэтай гандлёвай кропкі, можа даць шмат карысных парад па прымяненні любога тавару. І няма нічога дзіўнага, што план выконвае пастаянна, а прозвішча Наталлі Дзмітрыеўны сёлета занесена на раённую Дошку гонару.

Маладыя людзі спынілі ля магазіна электраскутар, каб купіць мінералку. Прадавец пацікавілася, на колькі хапае зарадкі і… ці не трэба яшчэ чаго прыдбаць. Гутарку яна завяла не толькі таму, што дабіраецца на работу на матацыкле і шукае танныя варыянты. Цёплыя зносіны з землякамі, веданне іх імёнаў, інтарэсаў лічыць прафесійным абавязкам, ды і па рысах уласнага характару не можа быць іншай. І сваяцкасць, зразумела, дапамагае, людзі таксама ідуць насустрач.

“Прывезлі 30 марлевых масак, патрэба ў якіх зараз рэдкая, ды і нятанныя. Што ж, паказала, як зручна яны апранаюцца на гарлавіну слоіка для працэджвання бярозавага соку, і практычна ўсе разабралі. Было б што рэкламаваць, – усміхаецца Наталля Дзмітрыеўна. – А то ж былі часы амаль з голымі паліцамі”. І расказвае пра чарговае сваё незапатэнтаванае вынаходніцтва.

Мясцовы мужчына прыйшоў за пральным парашком, а яго няма. Параіла настругаць гаспадарчае мыла і далучыць сродак для мыцця посуду – яны былі ў наяўнасці. Эфект пераўзышоў чаканні і зямляк па гэты час карыстаецца гэткім спосабам. “Пад прымусам” прадаўца мяняюць масарчане густы – многія перайшлі з растваральнай кавы на здрабнёную, якая няхай не ў вялікім асартыменце, аднак прысутнічае.

Але далёка не ўсё можна так проста замяніць. Часта пытаюцца пра цэмент, і даражэй купілі б, каб не ехаць ва Ушачы, а няма. Як і кансерваваных баршчоў, салянак. Пры закрыцці завячэльскага магазіна жанчына з радасцю забрала адтуль увесь тавар, сярод якога аказаўся нават такі далікатэс, як ікра… кабачковая – у міг разышлася. Усе гэтыя прыклады характарызуюць складанасці работы ў сучасных умовах – быў бы асартымент, намнога прасцей выконваўся б і план.

“Апошнія часы зрабілі нас сквапнымі, – усміхаецца Наталля Дзмітрыеўна. Нядаўна адна з калег кліч у сетцы кінула, каб падзяліліся таварам. Ніхто не адгукнуўся. Бо не ведаем, калі што паступіць. Вось і сёння з заказанай свежай агародніны прывезлі агуркі, капусту, а таматаў так і не дачакалася. Таму не адмаўляюся ад прывозу ў аўторак, хоць серада і чацвер выхадныя, а ў пятніцу – чарговы. Чым большая разнастайнасць, тым лепш. Паступіў зефір – набрала розных відаў. З’явіўся лівер – узяла, колькі выдзелілі, бо людзям трэба карміць хатніх гадаванцаў. Лепельскі ёгурт – у пакетах і таму таннейшы – дзве каробкі. Марожанае, малако, разыходзіцца ўсё”.

Апошняе не набывае хіба што сама прадавец і яшчэ сем чалавек – кароў у наваколлі можна пералічыць па пальцах. Уласная прадукцыя свайго філіяла заўсёды выручала – вось і зараз у наяўнасці шашлык, пельмені і тарты глыбокай замарозкі. На 8 Сакавіка прадала ажно 30 штук, праўда, пастаўскіх. Сенненская вараная каўбаса крыху даражэй, ды і ў разрэзе не надта прывабная, аднак гэта сведчыць пра мінімум дабавак, на чым і “іграе” прадавец. Не так даўно з’явілася магчымасць самім напрамую заказваць мясныя вырабы з Ашмян, Слоніма – тэлефоны завода ляжаць пад рукой. Здараецца, што пастаўляе тавар сваім аднавяскоўцам. Напрыклад, яе настаўніца, у якой праходзіла практыку, былы прадавец бельскага магазіна Наталля Мікалаеўна Мягель любіць ушацкую “цаглінку”, а ў аўтакраме пераважна подавы хлеб. Але гэта выключна па індывідуальных заказах – гандаль сваім калегам на колах не перабівае. Здараецца, што яны да яе завітаюць, каб папоўніць разабраны тавар на далейшы маршрут.

З часоў будоўлі прасторнага магазіна №241 з прадуктовай і прамысловай секцыямі мінула шмат год. Спачатку ў Мосары працавала два прадаўцы, пасля аптымізацыі напарніцы паступілі па-чэснаму: падзялілі стаўку папалам. Атрымлівалі, зразумела, нямнога, толькі адшукаць іншую работу ў наваколлі складана, а дзяцей расціць трэба. Цяпер дачка Наталлі заканчвае каледж сувязі, ну а старэйшы сын трывала стаіць на нагах. Застаўшыся на гандлёвай кропцы адна, Наталля Дзмітрыеўна ахвяравала суботай і нядзеляй дзеля работы. У выхадныя, калі пакупнікам, сярод якіх шмат дачнікаў, больш патрэбны магазін, яна працуе, а да звыклага для сяльчан выхаднога у чацвер узяла дадатковы ў сераду. Яшчэ прывыкае жанчына і да праведзенай нядаўна аўтаматызацыі гандлёвай кропкі, якая мае сваю спецыфіку. Сканіраванне тавару, канечне, зручна пры разліку і выяўленні астаткаў, аднак атрыманы асартымент спачатку трэба ўвесці, а няўстойлівая сувязь часам не дае правесці аперацыю з першага разу. Зноў жа выручае давер – мясцовыя жыхары нават пакідаюць карткі, за якімі заходзяцца пазней. Так што няхай асартымент пакуль і абмежаваны, затое давер – безлімітны, які, канечне, спачатку трэба заслужыць.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *