Евгения Артёмовна Клопова

Общество

Яўгенія Арцёмаўна Клопава жыве ў вёсцы Казімірова. Ёй хутка 80. Яна вельмі добрая, захавала пачуццё гумару, даверлівая да людзей, з гадамі становіцца яшчэ больш мудрай і вопытнай. Хоць і стаміўшаяся, але такая малайцаватая, лёгкая на пад’ём. Яна і цяпер сімпатычная, з усё разумеючымі вачыма і добрай памяццю. Прыгадвала самыя яркія падзеі ў сваім жыцці: як здабывала ежу, дровы, як сябравала і любіла, як галадалі і мерзлі, спявалі і танцавалі. Памятае, аб чым спрачаліся, вершы і песні з далёкіх школьных гадоў.

У дзяцінстве яе лічылі сарвігалавой. Умела свістаць, была бойкай на язык і хуткай на руку. З ёю сябравалі, таму што ўгадвалі душу чыстую і адкрытую, не здольную на подласць і хітрасць.

Дзяўчынкай сытна не ела, бедна апраналася. Што такое лапці, ведае не з чужых слоў. Цяжкасцей хапала, але не сумавала па гэтай прычыне. Дзе ішла, там спявала. Радавала сябе і весяліла іншых, мяняючы словы і мелодыі сябрам, сабе. І боль адступаў, станавілася лёгка на сэрцы.

Бацькі яе выхоўвалі так, каб была ўмелай гаспадыняй, добрай і вернай жонкай. Яна да канца вычарпала веды, вопыт і мудрасць бацькоў.

Замуж не спяшалася, нагулялася ўволю. Выйшла ў 28 гадоў і рана засталася ўдавой. Выхоўвала дзвюх дачок адна. Шыла, пякла хлеб, малола і прала, ткала, касіла, жала. Словам, майстар на ўсе рукі. Працавала ў калгасе на розных работах, потым тэхнічкай у школе. Клопатаў хапала.

– Часам, уздыхну глыбока, папрашу Прасвятую Багародзіцу, – гаворыць жанчына, – і прымаюся зноў за справы…

Яна любіць зямлю і з задавальненнем працуе на ёй. Выхоўвала двух унукаў дачкі Валянціны, два ўнукі і ў другой дачкі Аліны.

Ніхто не бачыў яе без справы. Ніхто не чуў, каб паскардзілася на сваю долю. Дочкі любяць сваю маму. Для іх яна крыніца жыцця. Заўсёды гатова дапамагчы, падтрымаць. У яе можна знайсці ўцяшэнне, дзелавую параду. Клапоціцца, каб дзеці жылі лепш, чым яна. Заўважае, што ўсё мяняецца да лепшага. Яна на работу хадзіла пешшу, дачка ездзіла на веласіпедзе, унук накіроўваецца на машыне.

Дык жывіце даўжэй, будзьце здаровы, радуйце сваіх родных і блізкіх, паважаная Яўгенія Арцёмаўна.

С.ВАСІЛЕЎСКАЯ, наш грамадскі карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *