Штогод мы ладзім цікавыя паездкі па Беларусі і даўно хацелі пабываць у Брэсце. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі наша мара ажыццявілася, а кампанію ў падарожжы нам склалі і вучні Ільюшынскай школы. Канечне, галоўным пунктам стала наведванне Брэсцкай крэпасці. Усе мы засталіся ў захапленні ад экскурсіі, атрымалі незабыўныя ўражанні на ўсё жыццё.
З першых хвілін, як толькі апынуліся пад вядомай зоркай на ўваходзе ў крэпасць, акунуліся ў падзеі Вялікай Айчыннай вайны: з дынамікаў пачуўся гул самалётаў і снарадаў, а знакаміты голас Левітана паведаміў пра напад нямецкіх войскаў на СССР, прагучаў марш “Свяшчэнная вайна”. На фоне мірнай, сонечнай майскай раніцы гэтыя гукі прабіралі да дрыжыкаў.
Тэрыторыя крэпасці велізарная. Уразіла скульптурная кампазіцыя “Смага”. Фігура салдата, які паўзе да вады з каскай у руцэ, так яскрава перадае востры недахоп вады падчас абароны крэпасці. Побач з цэнтральнай плошчай крэпасці размешчаны галоўны мемарыяльны комплекс цытадэлі. Ён уключае ў сябе пліты, пад якімі перапахаваны знойдзеныя астанкі 1038 загінуўшых. І толькі імёны 277 байцоў і членаў іх сем’яў вядомыя і ўвекавечаны на граніце. Вышэй – полымя Вечнага агню. У цэнтры пляцоўкі, выбрукаванай чырвонымі плітамі, надпіс “Стаялі насмерць. Слава героям”. Тут штодня нясуць ганаровую вахту юныя армейцы, змяняючыся кожныя 20 хвілін.
Галоўны манумент Брэсцкай крэпасці – скульптурная выява воіна і сцяга. Мужнае аблічча байца кажа пра тое, які подзвіг здзейснілі афіцэры, салдаты і простыя жыхары. Таксама мы наведалі музей абароны, у ім прадстаўлена каля 4 тысяч экспанатаў. Не маглі прайсці міма Холмскай брамы. Збудаванне перажыло дзве сусветныя вайны і два штурмы. Чырвоная цэгла захавала шматлікія сляды ад куль і снарадаў, якія добра бачныя і сёння. Мы, нашчадкі Перамогі, будзем памятаць пра тую страшную вайну і схіляем галовы перад мужнасцю байцоў Брэсцкай крэпасці.
Падчас паездкі таксама прайшліся па вулачках вячэрняга Брэста, даведаліся пра гісторыю старых будынкаў. Цікава было паглядзець, як знакаміты ліхтаршчык запальвае асвятленне.
Вучні і іх бацькі, настаўнікі школ выказваюць шчырую падзяку за дапамогу ў арганізацыі паездкі старшыні райвыканкама С.С.Садоўскаму, начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі П.А.Алексяёнку, старшыні КУСГП “Вялікадолецкае” А.У.Сафонаву.
Вучні і настаўнікі Вялікадолецкай школы.