«Ола – сестра Хатыни»: школьникам Ушаччины рассказали о геноциде белорусского народа

Год качества Листая страницы истории Образование и молодежь

Пра гэтую беларускую вёску, што ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці, мала хто ведае: пра яе не пісалі ў падручніках па гісторыі, не здымалі фільмаў, жыхароў ужо не засталося… Раніцай 14 студзеня 1944 года фашысцкія карнікі забілі 1758 чалавек (у 12 разоў больш, чым у Хатыні), з іх 950 дзяцей, 508 жанчын, 200 старыкоў.

Намеснік пракурора Н.Аваднёва з ушацкімі першакласнікамі

У мінулую пятніцу – да 80-годдзя трагедыі – ва ўсіх беларускіх школах прайшоў адзіны ўрок “Ала – сястра Хатыні”. З вучнямі гаварылі пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай, пра спаленыя вёскі.

Перад пачаткам вайны ў Але было 34 двары і 168 жыхароў. Зімой 1943-1944 гадоў яна аказалася ў прыфрантавой зоне. Паколькі ж размяшчалася ў глушы, тут хаваліся ўцекачы з 12 суседніх вёсак. Па словах відавочцаў, у кожным доме жыло па 30-40 чалавек, былі заняты ўсе гаспадарчыя пабудовы, лазні, скляпы і зямлянкі.

У студзені 1944-га на мосце праз раку Ала, якая дала назву вёсцы, быў забіты нямецкі салдат. Эсэсаўцы пачалі карную аперацыю. Стралялі з аўтаматаў па вокнах дамоў, а людзей, якія выбягалі на вуліцу, расстрэльвалі, пускалі на іх сабак. Тых, хто застаўся, сагналі ў вялікі калгасны хлеў і падпалілі. Цудам выратавалася толькі восем жыхароў.

З успамінаў відавочцаў:

  • Жанчына падышла да нямецкага камандзіра і праз перакладчыка папрасіла не пра выратаванне, а пра дазвол згарэць у роднай хаце. Гітлераўцаў просьба павесяліла, і яны далі дабро. Адзін з нелюдзяў абліў няшчасную бензінам, і тая, не азіраючыся, накіравалася да падпаленай пабудовы…

  • Шаснаццацігадовая дзяўчына ўбачыла, што яе брат спрабуе ўцячы, і кінулася за ім. Немцы пачалі страляць. Хлопчыка забілі, а за ёй пусцілі сабак, якія павалілі ў снег і пачалі рваць клыкамі. Тое, што дзяўчына не загінула – сапраўдны цуд. Яна доўга бегла па заснежаным полі, пераначавала ў стозе сена, а раніцай дабралася да бліжэйшай вёскі…

Да вызвалення Алы Чырвонай Арміяй яе жыхары не дажылі ўсяго два тыдні. Пасля вайны вёска да былых памераў так і не адрадзілася. У 2020-м на яе месцы створаны мемарыяльны комплекс “Ала”.

Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця мемарыялу, 21 чэрвеня 2020-га:

– Цяпер, калі подзвіг нашага народа ставіцца пад сумненне, мы робім усё, каб тыя, хто да гэтага часу лічыць, што Гітлер “нёс славянам цывілізацыю”, засвоілі ісціну. У вачах ворага беларусы, украінцы, расіяне не былі людзьмі. Фашысты прыйшлі на нашы землі, каб па загадзе фюрара знайсці “чалавечы матэрыял”, які будзе апрацоўваць палі і карміць вялікую германскую нацыю.

Не дадзім такому паўтарыцца!

Сучаснаму падлетку цяжка ўсвядоміць, што такое бесчалавечнае стаўленне да народа ўвогуле магло існаваць. У няволі аказаліся больш 7 мільёнаў беларусаў.
– Знішчаць мірнае насельніцтва кіраўніцтва нацысцкай Германіі сваёй арміі дазволіла любымі спосабамі: адбіраць харчаванне і жывёлу, прымушаць непасільна працаваць, выпрабоўваць голадам і холадам, расстрэльваць, вешаць, паліць… – словы настаўніка гісторыі Ушацкай СШ Уладзіміра Леанідавіча Хамёнка вучні 11 “А” і 11 “Б” класаў (на здымку) слухалі затаіўшы дыханне.

З-за колькасці адзнак на месцах спаленых вёсак на карце амаль не бачна Беларусь. За 1941-1944 гады акупанты правялі на тэрыторыі краіны не менш 187 буйных карных аперацый. Пра гэта і іншае расказвалі школьнікам і прадстаўнікі праваахоўных органаў. Так, намеснік пракурора раёна Наталля Фёдараўна Аваднёва на сустрэчы з першакласнікамі Ушацкай СШ падрабязна спынілася на расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, адказала на пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак, уручыла ўсім невялікія памятныя падарункі.

Ва Ушацкім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны спалена 194 вёскі.

Мікалай Баравікоў, адзінаццацікласнік:

– У Але, Хатыні загінула шмат такіх жа дзяцей і падлеткаў, як мы. І яны бачылі, як забіваюць іх бацькоў, братоў і сясцёр, разумелі, што ўсе жыццёвыя планы перакрэслены. Няўжо нехта, хто хоць раз чуў пра такія трагедыі, можа апраўдваць нацызм? Мы – не! Будзем памятаць, што давялося перажыць беларусам, і не дадзім такому паўтарыцца.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *