Мы ўжо неаднойчы расказвалі пра дасягненні былога выхаванца Ушацкай спартшколы Ільі Мялешкі, і вось нядаўні чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод спартсменаў да 20 год даў чарговую нагоду ўзгадаць нашага таленавітага спартсмена.

Ілья заваяваў “золата” на сваёй кароннай 800-метроўцы і пацвердзіў званне лепшага бегуна краіны. Прычым, дыстанцыю ён пераадолеў з асабістым рэкордам – 1.53.59, а сваё ранейшае дасягненне, паказанае гэтай зімой, палепшыў больш чым на тры секунды!
“Вельмі задаволены! Плённа папрацаваў на зборах – і гэта дало вынік”, – пракаменціраваў юнак сваю перамогу.
Апроч таго Ілья ў складзе каманды віцебскай вобласці заваяваў “срэбра” ў эстафеце 4х400, а таксама паклаў у сваю скарбонку “бронзу” на дыстанцыі паўтара кіламетра. Падчас інтэрв’ю сайту Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі наш зямляк выказаў падзяку трэнерам і перадаў прывітанне бацькам – Аксане Стэфанаўне і Андрэю Васільевічу. Ну а мы шчыра віншуем Ілью і жадаем новых рэкордаў!
Наталля БАГДАНОВІЧ.