В Ушачах прошёл третий этап открытого кубка Республики Беларусь по эндуро

Cпорт Главное

Яшчэ некалькі год таму мала хто з нас мог патлумачыць сэнс дзіўнага слова “эндура”. Зараз жа многія ўшачане не толькі ведаюць, што гэта дысцыпліна мотаспорту, а і разбіраюцца ў яе правілах. Пазнаёміў нас з захапляльнымі гонкамі па насычанай перашкодамі трасе фестываль “ЭкстрымПрарыў”, а ў мінулую суботу ва Ушачы зноў прыехалі матацыклісты з усёй краіны, каб вызначыць пераможцаў трэцяга этапу адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь.

На трасе – юніёры.

Пачаліся спаборніцтвы з заездаў пачынаючых гоншчыкаў – на старт выйшлі юнакі і дзяўчаты ад 12 да 17 год. Масавымі былі гонкі дарослых аматараў. Ну а кульмінацыяй этапа сталі заезды прафесіяналаў. Звычайна спартсмены не любяць даваць інтэрв’ю перад стартам (гэта лічыцца дрэннай прыкметай), аднак галоўная зорка айчыннага эндура – майстар спорту міжнароднага класа Арцём Кунцэвіч ахвотна падзяліўся з намі сваімі планамі і ўражаннямі. Вопыт і ўзровень майстэрства ў гоншчыка настолькі вялікія, што гледачы ў яго адносінах праводзілі паралель з Сяргеем Вязовічам, які нікому не пакідае шанцаў на нашых аўтаралі. Арцём высока ацаніў трасу, адзначыў, што Ушачы сталі яшчэ адной кропкай на карце, дзе прапісаліся спаборніцтвы, парадаваўся, што яго любімы від набірае папулярнасць.

  • Слова “эндура” перакладаецца як “вынослівасць” – гэтая якасць неабходна гоншчыкам, якія імчаць праз ямы і ўзгоркі, трампліны і завалы з бярвення. Для гэтага віду распрацаваны спецыяльныя матацыклы і экіпіроўка.

Сведчылі пра гэта і водгукі ўшачан. З захапленнем назіралі за гонкамі Наталля Кудраўцава і Вольга Ярмош. “Выдатна, што ў нас праводзіцца столькі цікавых спаборніцтваў. Але хацелася б, каб мы не толькі прымалі ў сябе іншых спартсменаў, а і выхоўвалі сваіх гоншчыкаў – тым больш что такія традыцыі ва Ушачах былі”, – разважалі яны.

Пераможца этапу А.Кунцэвіч.

Этап аказаўся такім масавым і працяглым, што эндурысты ледзь паспелі завяршыць заезды да захаду сонца, а цырымонія ўзнагароджання праходзіла ўжо ў прыцемках, што, аднак, надало ёй рамантыкі. Кубкі і прызы лепшым гоншчыкам уручылі намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Ягораў, загадчык сектара спорту і турызму Сяргей Ціханёнак, а таксама галоўныя энтузіясты развіцця гэтай дысцыпліны – старшыня Камітэта эндура Беларускай федэрацыі матацыклетнага спорту Аляксей Машок і яго жонка Яўгенія, якая была галоўным суддзёй спаборніцтваў.
І канечне, прагучала шмат цёплых слоў у адрас гаспадароў трасы, раённага кіраўніцтва і ўшацкіх гледачоў. А таксама спадзяванняў на новую сустрэчу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *