123 вакансіі прапануюць на пачатак жніўня ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама. У ліку навінак – пасады электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання ва УП “Віцебскаблводаканал” (для работы ва Ушачах), намесніка начальніка, загадчыка ветэрынарна-дыягнастычнай лабараторыі і ветэрынарнага ўрача ў райветстанцыі, начальніка дрэваапрацоўчага цэха, навальшчыка-звальшчыка лесаматэрыялаў і станочніка дрэваапрацоўчых станкоў у лясгасе, рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў у санаторыі “Лясныя азёры”, начальніка аддзялення сувязі і паштальёна ў Віцебскім філіяле РУП “Белпошта” (для работы ў Вялікіх Дольцах), бетоншчыка ў ААТ “Полацкі малочны камбінат” (работа ва Ушачах).
Нямала вакансій і ў іншых прадпрыемствах, арганізацыях раёна. Заработная плата па спецыяльнасцях вагаецца ад 726 да 7620 рублёў за стаўку. Падрабязнасці – на афіцыйным сайце райвыканкама ў раздзеле “Жыхарам”, а таксама па нумарах 5-88-75, 5-73-51.
Стаць качагарам
У службе занятасці (г.п.Ушачы, вул. Ленінская, д.12, другі паверх, кабінеты №49 і 50) чакаюць беспрацоўных, якія хацелі б стаць машыністамі (качагарамі) кацельні і гарантавана прыступіць да работы ў надыходзячым ацяпляльным сезоне. Прафесійнае навучанне будзе праводзіцца ў верасні ў цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў райсельгасхарча ў Градзянцы. Дарэчы, гэта цалкам бясплатная для беспрацоўных грамадзян прапанова. Удакладніць інфармацыю можна па ўказаных вышэй нумарах.