Сезон грибов: как не отравиться лесными дарами?

Общество

Пачаўся сезон збору грыбоў, а значыць, і павышанай рызыкі атручвання ляснымі дарамі. Аматарам “ціхага палявання” трэба быць асцярожнымі – пра гэта нагадвае інструктар-валеолаг Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Васільеўна НІКІЦЕНКА: 

– Моцныя яды грыбоў не разбураюцца пры кулінарнай апрацоўцы, і як правіла, пачынаюць дзейнічаць праз 3-12 гадзін пасля ўжывання неядомых дарункаў лесу. Спачатку адчуваецца моцны боль у жываце, узнікаюць дыярэя, ванітаванне, слабасць, галаўны боль. Далей могуць развівацца сутаргі, галюцынацыі. У 25-50 працэнтах выпадкаў наступае смерць.

Зрэшты, атруціцца можна і ўмоўна ядомымі грыбамі (некаторыя віды сыраежак, свінушкі, смаржкі, ваўнянкі, чарнушкі і іншыя), калі грэбаваць правіламі прыгатавання. Iх трэба двойчы адварваць не менш за 50 хвілін, прамываць у праточнай вадзе.

Грыбы – вельмі каларыйныя. Напрыклад, 200 г смажаных чырвонагаловікаў раўназначныя такому ж кавалку сала, а баравікоў – цяляціны. У 100 г груздоў, рыжыкаў і баравікоў утрымліваецца 40 ккал, маслятах, падбярозавіках і чырвонагаловіках – 30, лісічках, махавіках, сыраежках, шампіньёнах – у сярэднім 15, а самыя дыетычныя – свінушкі, краснушкі і вешанкі – 10 ккал.

Збiрайце толькi тыя лясныя дарункі, што не выклiкаюць сумненняў. Майце на ўвазе, што ядомыя грыбы пры неспрыяльных экалагiчных умовах (паблiзу прамысловых прадпрыемстваў i аўтамабiльных трас) становяцца таксiчнымi.

Яны хутка псуюцца, таму трэба перабраць адразу. Займацца гэтым павінны толькі дарослыя. Выкідвайце старыя грыбы, бо ў іх адбываюцца складаныя хімічныя працэсы з утварэннем атрутных рэчываў.

Пры нарыхтоўцы запасаў на зiму лепш не кансерваваць грыбы пад шчыльнай накрыўкай. Марынаваць жа рэкамендуецца трубчатыя (белыя, падбярозавiкi, маслякi) i пласцiнчатыя (шампiньёны, таўстушкi, лiсiчкi, апенькi, зялёнкi). Соляць усе ядомыя грыбы, але толькi пасля папярэдняй апрацоўкi: iх замачваюць, двойчы адварваюць па 20 хвілін.

Нельга даваць грыбы дзецям да 3 гадоў. Не варта ўжываць іх асобам, якія маюць хваробы печані, абмену рэчываў.

У народзе кажуць: калі запіць грыбную страву алкаголем, спірт нейтралізуе атруту, якая можа ў ёй змяшчацца. Адназначна не! Нават надварот, алкаголь паскорыць усмоктванне таксінаў у кроў і зробіць атручванне больш цяжкім.

Пры першых сімптомах атручвання грыбамі неадкладна звярніцеся за медыцынскай дапамогай! Пакуль жа “хуткая” едзе, правядзіце прамыванне страўніка (трэба выпіць 1,5-2 літра кіпячонай вады пакаёвай тэмпературы і, націскаючы двума пальцамі на корань языка, выклікаць ваніты), дайце выпіць актываваны вугаль (з разліку 1 таблетка на 10 кг вагі), пакладзіце пацярпелага ў ложак. Калі яго знабіць, накрыйце коўдрай.

Асобна заўважу, што пры атручванні грыбамі забараняецца прымаць прэпараты, якія спыняюць дыярэю. Разам з вадкім стулам выходзяць і таксічныя рэчывы. Калі яго спыніць, яны застануцца ў арганізме і праз сценку кішэчніка працягнуць усмоктвацца ў кроў.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *