Рассказываем, как прошёл первый ретро-уикенд «УХО» в Ушачах

Калейдоскоп

У мінулыя выхадныя прайшла прэм’ера фэсту “УХО” – спектакляў, канцэртаў, вернісажаў, квізу ў адным флаконе. Расшыфроўваецца абрэвіятура як “уикенд хорошего общения”, хаця можна папрактыкавацца і агучыць яшчэ дзясяткі назваў мерапрыемству, якое задумвалася як прыемны сямейны адпачынак. На адной лакацыі – пляжы возера Вечалле – можна было адшукаць цікавае на любыя густы і ўзросты. Хаця тэматыка фестывалю ўсё ж мела абмежаванні ў часе – вяртала ў 1980-2010, і ўсе ўдзельнікі знаходзіліся “ў вобразе”.

Абавязковае пераўвасабленне меў на мэце і конкурс сцэнічнага мастацтва “Назад у СССР”. Мы да гэтага часу цытуем афарызмы з камедый, знятых у той час, і таму менавіта фільмы ляглі ў аснову сцэнак. Угадваліся яны нават без аб’яўлення назвы. Як толькі на роліках да імправізаванай “запраўкі” выкаціла хударлявая дзяўчынка, так усе пазналі “Каралеву бензакалонкі”. Артысты драмтэатра “Время” наваполацкага цэнтра культуры маюць даўнія сувязі з ушацкімі калегамі, ды і выступаюць у нас не першы раз. Аднак супрацоўнікі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый уразілі не менш. Часу на рэпетыцыі ў нашых дэбютантаў не было – праходзілі ўрывак ўсяго пару дзён у асабісты час, прыхапіўшы і абедзенныя перапынкі. Захаваўшы агучку з кінастужкі “Любовь и голуби”, Алена Войсет і Галіна Каваленка так удала трапілі ў вобразы Надзеі і Раісы Васільеўны – што гледачы, упэўнена, і сёння паўтараюць іх рэплікі.

Каларытная буфетчыца атрымалася з Галіны Талстой, а яе калега з цэнтральнай бібліятэкі Антон Дуброўскі з-пад палы “гандляваў” дэфіцытнымі рэчамі. Усю вопратку на гарышчы бацькоў перагледзелі Рыта Хрыпель, Юлія Белавусава, Аляксей Грыневіч, каб адпавядаць назве каманды “Тэтрыс мафія”. Кацярына Леднік, Аляксандр Грыневіч, Марыя Радзюш, Святлана Муша і трыа “Нюанс” выконвалі добра вядомыя ўсім шлягеры.

Прыгадаць іх давялося і ўдзельнікам шасці каманд падчас музычнага квізу, які праводзіў наш зямляк Аляксандр Рудзёнак. Фанат малой радзімы, зразумела, прысутнічае на ўсіх ушацкіх фестывалях. Штогод прывозіць сыноў і на навагоднія спектаклі Ушацкага цэнтра культуры. Ну а з яго дырэктарам Валянцінай Грыневіч і галоўным арганізатарам фэсту “УХО” – загадчыкам сектара культуры райвыканкама Лідзіяй Шкаруба яны наогул аднакласнікі. На свяце выступалі і іншыя даўнія знаёмыя нашых культработнікаў: на “ўра” прайшоў канцэрт лепельскай цымбалісткі Ганны Шаркоўскай.

Што датычыцца квізу, то каманды фарміраваліся адвольна: спартсмены, офісныя работнікі, члены БРСМ, а за адным са сталоў аказалася тры пакаленні вельмі актыўнай сям’і Раманоўскіх-Пінчук Аднаўлялі ў памяці аўтараў, па агучцы робата адгадвалі мелодыі і ўсе астатнія ўдзельнікі. А таксама танцавалі – вярталіся на дыскатэкі свайго юнацтва.

Тэматычныя пляцоўкі культработнікаў уражвалі. Прайсці міма буфета бібліятэкараў з савецкімі вагамі, агуркамі ў трохлітровых слоіках і, галоўнае, вялізнай аб’явай, што гарэлкі няма, без усмешкі было немагчыма. Як раней з зямлі гандлявалі “смачнымі семкамі”, дэфіцытнай футрай і некалі моднымі бліскучымі касцюмамі. Зразумела, што магазін аказаўся выставай. Тэлевізары с вялізнымі кінескопамі, першыя савецкія фены, магнітафоны прадстаўлялі пляцоўкі як сельскіх дамоў культуры, так і музея. Ну а самым папулярным у гэты дзень аказаўся ЗАГС. Для 15 пар па поўным абрадзе: з рушніком, пярсцёнкамі, маршам Мендэльсона правяла 23 жніўня рэгістрацыю Галіна Рудзёнак. Папярэдніх заяў не патрабавалася, ды і скасоўваліся шлюбы без выпрабавальнага тэрміну. Не рабілі гэтага, канечне, сапраўдныя сямейныя пары як Пётр і Таццяна Качан. На 43-і год сумеснага жыцця яны атрымалі чарговае, памятнае пасведчанне.

Не аднойчы чула ў гэты дзень ад гледачоў, як любяць яны выступленні менавіта нашых, ушацкіх артыстаў. У дыскатэку, да заяўленай начной, ператвараліся ўсе вячэрнія канцэрты. Перакусіць можна было на любы густ у шматлікіх кропках грамадскага харчавання. Для дзяцей працавала шмат тэматычных пляцовак. Арганізавана літаральна ўсё было багата: разнастайна і цікава. Адзінае, чаго не хапіла фэсту, гэта гледачоў. Аднак, прачытаўшы, як цікава праходзіла першае “УХО”, на другі абавязкова збярэцца намнога больш удзельнікаў – а імі станавіліся літаральна ўсе гледачы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *