55 лет в любви и согласии. Семья Верташонок отметила изумрудную свадьбу

Общество

“Цудоўна, што сёння да нас завіталі, бо заўтра наўрад ці спакойна пагаварыць атрымалася б: юбілейнае ж вяселле святкаваць будзем! – гасцінна сустракалі нас на парозе свайго дома ў пятніцу Эдуард Гаўрылавіч і Марыя Паўлаўна Верташонкі. – Вось за гэтым вялікім сталом пад тры дзясяткі гасцей размесцяцца, усе – самыя блізкія нам людзі. А тут свае ўборы да ўрачыстасці падрыхтавалі: касцюм і прыгожую сукенку, дарэчы, сімвалічна ізумруднага колеру”. Прыкмячаем, як муж і жонка клапатліва пазіраюць адзін на аднаго, як свецяцца іх вочы, калі расказваюць пра маладосць, свае пачуцці. Здаецца, і самі не вераць, што з моманту рэгістрацыі іх шлюбу прайшло ўжо 55 гадоў.

Дарэчы, было гэта 23 жніўня, якраз у суботу. Жаніх з бацькамі прыйшоў у сваты да каханай, якая жыла непадалёк, а калі атрымаў адабрэнне, адцягваць не стаў – адразу ж паклікаў сакратара Кубліцкага сельвыканкама. У той жа дзень той распісаў маладую пару. Вяселле гулялі праз тыдзень – трэба ж было не толькі родных і сяброў, але і ўсіх аднавяскоўцаў сабраць.

– Невялічкую фату мне дала сяброўка, а прыгожую белую сукенку, як бы цяжка ні было нашай мнагадзетнай сям’і (дзяцей было шасцёра), купіла маці, – успамінае Марыя Паўлаўна. – Потым яе для выпускнога балю дачцэ перашывалі, а яшчэ пазней унучцы на ранішнік апрануць давалі. На жаль, цяпер у такое ўбранне не ўмяшчуся, але гэта і лепш: ёсць новенькае – таксама ў колер нашага вяселля.

Пазнаёміліся Эдуард Гаўрылавіч і Марыя Паўлаўна яшчэ ў дзяцінстве. Жылі ў Кублічах, хадзілі ў адну школу і нават у адзін клас. Праўда, толькі часова: вучыць буквар хлопец паленаваўся – застаўся на другі год. Але ж на такія ўмоўнасці дзяўчына ўвагі не звяртала – і ўжо калі вучылася ў восьмым класе, адгукнулася на заляцанні былога сябра.

– Кавалераў у Марыі было нямала, таму даводзілася перад ёй “марку трымаць”, а з імі на школьных вечарынах ды ў клубе настойліва “прафілактычныя гутаркі” весці, – смяецца Эдуард Гаўрылавіч. – Перажываў, што ўвядуць, пакуль служыў у арміі, але ж каханая дачакалася і вельмі хутка стала маёй спадарожніцай жыцця.

Маладая сям’я жыла ў Кублічах: спачатку ў доме свекрыві, а пазней ва ўласным, які Верташонкі пабудавалі самі. Выхоўвалі дзвюх дачушак, спраўляліся па гаспадарцы, ды і ў прафесіі, адвучыўшыся ў тэхнікумах, паспявалі: ён быў вадзіцелем у мясцовым саўгасе, яна – выхавацелем у дзіцячым садку. Але ж у 80-м рашыліся на пераезд – набылі ўчастак па завулку Полацкім ва Ушачах, перавезлі сюды гатовы зруб і пачалі абжывацца. Марыя Паўлаўна ўладкавалася на хлебазавод бухгалтарам, а пасля чвэрць стагоддзя ўзначальвала фінансавае забеспячэнне райваенкамата. Эдуард Гаўрылавіч спраўляўся з функцыямі механіка на аўтабазе райспажыўсаюза, паляўніцтвазнаўцы і начальніка ў раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, а пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ 10 гадоў працаваў старшынёй раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах. Заўсёды трымалі вялікую падсобную гаспадарку, садзілі агарод. Канечне, праз многія цяжкасці трэба было прайсці, аднак іх Верташонкі не баяліся – за любую справу браліся абавязкова разам, падтрымлівалі адзін аднаго.

– Ці сварыліся мы? Канечне, як, напэўна, любая пара, – прызнаецца жанчына. – Але ж злосць падоўгу ў сэрцах не трымалі: успаміналі, што ў нас дзеці, дзеля якіх хочацца жыць, якім хочацца падаць прыклад правільных сямейных адносін.

І такі карысны “ўрок” ад бацькоў Алена і Таццяна адназначна перанялі. Абедзьве скончылі юрфак БДУ, знайшлі свае “другія палавіны” (дарэчы, іх нашы героі зяцямі практычна не называюць – для іх яны сыны) і сталі па-сапраўднаму шчаслівымі. Старэйшая ўзначальвае суд г.Наваполацка, малодшая – аддзел працоўных адносін у Міністэрстве працы і сацабароны.

Зараз, калі ўжо за 70, сіл і энергіі, канечне, менш, аднак без справы Верташонкі ўсё роўна не сядзяць. Марыя Паўлаўна – сапраўдны аматар-агароднік, з ранняй вясны і да позняй восені шчыруе на градках, каб забяспечыць сям’ю смачнымі вітаміннымі прадуктамі, робіць нарыхтоўкі на зіму. Вечарамі любіць заняцца рукадзеллем, на што ў маладосці не хапала часу, а нядаўна асвоіла алмазную вышыўку. Не адстае ў талентах, працавітасці і Эдуард Гаўрылавіч – на падворку справіцца (для гэтага ёсць трактарок, касілка), дома ўсё да толку давядзе. А яшчэ ён грыбнік заўзяты, заўсёды вяртаецца з лесу з поўнымі вёдрамі.

…У мінулую суботу для іх – па-ранейшаму актыўных і закаханых – у аддзеле загса Ушацкага райвыканкама ладзілася прыгожая ўрачыстасць. Ініцыіравалі яе блізкія Верташонкаў – у знак удзячнасці за тую цеплыню, якую яны шчыра дораць кожнаму. Былі ў гэты дзень і танец “маладых”, і кінуты нявестай букет, і нават залатыя пярсцёнкі – першыя ў іх жыцці – з прызнаннямі заставацца вернымі адзін аднаму. Віншавалі ізумрудных юбіляраў дзеці і ўнукі, маленькі праўнучак Паша (ён, праўда, яшчэ не ўмее гаварыць – проста дасылаў мілыя ўсмешкі), а таксама госці з раённай ветэранскай арганізацыі, Кубліцкага сельвыканкама, грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Ільюшынскага СДК.

– Мы жывём дружна і радуемся кожнаму новаму дню, – кажуць Эдуард Гаўрылавіч і Марыя Паўлаўна. – Пенсіі рэгулярна атрымліваем, ёсць на стале хлеб і да хлеба, блізкія часта наведваюцца – што яшчэ трэба для простага людскога шчасця? А яшчэ душу саграваюць добрыя ўспаміны пра наша мінулае. Ні за што не сорамна, ёсць што ўспомніць. Жыццё ж працягваецца…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *