Юные футболисты Ушаччины стали лучшими в областном турнире

Cпорт

У абласным турніры па футболе сярод юнакоў 1997-98 гадоў нараджэння, які нядаўна праходзіў у нашым гарпасёлку, прымалі ўдзел каманды Чашніцкай, Глыбоцкай і Ушацкай спартыўных школ, а таксама зборная Ушацкага раёна. Каманда нашай ДЮСШ з буйным лікам абыграла ўсіх сапернікаў і ўпэўнена заняла першае месца. Другімі сталі спартсмены з Чашнік, ніжэй у выніковым пратаколе размясціліся зборная нашага раёна і глыбоцкія футбалісты.
У сустрэчы з чашніцкай камандай, якая завяршылася з лікам 5:0, галамі вызначыліся Улад Сазонаў, Андрэй Клемяценка, Улад Троцкі і Дзіма Падгол. У матчы з Глыбоцкай ДЮСШ нашы юнакі здолелі правесці ў вароты саперніка шэсць безадказных галоў – двойчы засмучалі галкіпера Андрэй Клемяценка і Дзіма Падгол (Кубліцкая СШ, трэнер А.У.Гулевіч), давяршылі разгром Улад Сазонаў і Андрэй Сакалоў. У матчы нашай ДЮСШ са зборнай Ушацкага раёна быў зафіксаваны лік 7:1 (хет-трык на рахунку У.Сазонава, выніковымі ўдарамі вызначыліся таксама А.Сакалоў, А.Клемяценка і Максім Красноў. Аўтарамі галявых перадач у матчах у складзе каманды нашых юнакоў сталі Ігар Шаблоўскі, Дзіма Мароз, Саша Клоп, Мікіта Галай, Валера Антопуш і Стас Сабін (Ільюшынская СШ, трэнер Д.П.Дрозд). Надзейна абараняў вароты Жэня Мялешка.
Наш раён заўсёды вызначаўся футбольнымі талентамі. Аднак вялікую ролю ў развіцці дзіцячага і юнацкага футбола адыгрывае спонсарская дапамога. У сувязі з гэтым хочацца выказаць удзячнасць М.М.Бабаедаву, выпускнікам Ушацкай ДЮСШ Андрэю Лодзісу, які зараз гуляе ў адным з расійскіх клубаў, і Таццяне Логінавай, якая абараняе гонар краіны ў гульнях за жаночую зборную, а таксама сям’і Каплеўскіх. Гэтыя неабыякавыя людзі дапамагаюць юным футбалістам, у прыватнасці, забяспечваюць іх экіпіроўкай.
В.ЛУК’ЯНЕНКА, трэнер Ушацкай ДЮСШ.
На здымку: пераможцы турніру. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *