Пазітыўны, шчыры і лёгкі ў зносінах, Уладзімір Аляксандравіч Церашкевіч літаральна з першых хвілін нашага знаёмства выклікаў да сябе прыхільнасць. Зрэшты, іншага ад работніка газавай службы і не чакала: уменне наладзіць кантакт, ветлівасць і тактоўнасць – “фірменныя” якасці прадстаўнікоў гэтай сферы. А вадзіцель Ушацкага раёна газазабеспячэння ВУ “Полацкгаз” прысвяціў ёй 42 гады свайго жыцця!
Цікава, што самастойны шлях у пачатку 80-х выпускнік Ушацкай школы пачаў з таго, што навучыўся кіраваць аўтамабілем і… верталётам. Яму і яшчэ дваім аднагодкам пашанцавала: у ваенкамаце іх абралі з ліку многіх жадаючых і накіравалі на вучобу ў віцебскі цэнтр, дзе рыхтавалі верталётчыкаў. Уладзімір асвоіў кіраванне МІ-2 і трапіў у стратэгічны рэзерв, прызначаны для абароны краіны – у разгары была “халодная вайна”.
На шчасце, яго вайсковыя ўменні не спатрэбіліся, і малады чалавек праявіў сябе ў мірнай сферы. У райгаз Валодзя ўладкаваўся ў далёкім 1983-м. А паколькі ўсе тутэйшыя вадзіцелі павінны мець і іншыя спецыяльныя навыкі, прайшоў падрыхтоўку для службы аварыйна-аднаўленчых работ.
Чвэрць стагоддзя ён дастаўляў людзям газавыя балоны – няма ў раёне куточка, па якім не калясіла яго машына. Спажыўцы газа жылі ў кожнай маленькай, аддаленай вёсачцы і дабрацца да іх бывала няпроста: штурмавалі кубліцкае бездарожжа, буксавалі на глыбачанскіх шляхах. “Астраўляны… Сонькін Рог… Іншы раз плывеш, а не едзеш, – прыгадвае вадзіцель. – Неаднойчы даводзілася калгасны трактар чакаць, каб з гразі ці сумётаў выцягнуў. Трэба сказаць, гаспадаркі і іншыя службы нам заўсёды ў гэтым плячо падстаўлялі. А калі зусім праехаць нельга – і ў руках да вяскоўцаў балоны цягнулі, хоць па рэгламенце павінны падносіць іх не далей за 25 метраў”.
Уладзімір Аляксандравіч прыгадаў выпадак, калі зімой яны разам з Анатолем Амбражэвічам прыбылі ў Завячэлле і ўбачылі, што дарога да дома мясцовага пенсіянера замецена. Пераглянуліся, уздыхнулі і выцягнулі балон з касеты. Ісці з грузам больш за 40 кіло трэба было ледзь не кіламетр, неслі па чарзе. “Як жа вы яго дацягнулі?!” – не паверыў вачам гаспадар. “На верталёце даляцелі!” – пажартавалі газавікі. Вельмі ўразіў вяскоўца іх учынак – нават журналістам “раёнкі” пра гэта расказаў. А колькі такіх удзячных слоў за дзесяцігоддзі працы герой аповеду ад землякоў пачуў!
Зараз жа сваё вадзіцельскае майстэрства ён праяўляе на выездах брыгады аварыйна-аднаўленчых работ, дзе трэба імгненна даімчаць калег да месца, адкуль паступіў трывожны сігнал. Аварыйшчыкі разам з выратавальнікамі выязджаюць на пажары, ліквідуюць уцечкі газу. Трэба сказаць, што на нумар “104” ушачане тэлефануюць нярэдка: іх пільнасць дапамагае пазбегнуць непрыемных наступстваў. Зрэшты, бывае і такое, што пагроза аказваецца несапраўднай. Днямі, напрыклад, выязджалі па выкліку мужчыны, які адчуў на вуліцы характэрны пах, аднак пры праверцы высветлілася, што яго крыніцай стала праехаўшая машына з газавым абсталяваннем…
Калі ж напрыканцы размовы мы папрасілі Уладзіміра Аляксандравіча вылучыць калег, з якімі яму асабліва прыемна было працаваць, той пакачаў галавой: “Гэта немагчыма! У нас на аварыйцы ўсе – вось такія! (узняў угару вялікі палец). Ды і ва ўсім калектыве таксама!”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.