Зрабіць фота вадзіцеля Яўгена Ладзіка ў антуражы спелых хлебных ніў нам не ўдалося: спазніліся літаральна на адзін дзень – “Сафійскія дары” змалацілі апошнія зерневыя ўчасткі. “Зараз пясок з кар’ера прывязу – і вылучу хвілінку для размовы”, – прызначыў нам спатканне на мехдвары роднага лясгаса адзін з герояў сёлетняга жніва. А таму першую старонку “раёнкі” ўпрыгожыць вось такі яркі здымак ля магутнага МАЗа, на долю якога выпала гэтым летам падвоеная нагрузка: у моманты, калі рух камбайнаў прыпынялі дажджы ці раса, Яўген Валер’евіч паспяваў і шчапу на кацельню даставіць, і пілаванне з дрэваапрацоўчага цэха вывезці.
30-тоннік шчыра адпрацаваў на карысць лесаводаў і аграрыяў ужо пяць сезонаў, але выглядае амаль як новы – а ўсё таму, што знаходзіўся ў беражлівых умелых руках. І ў гэтай сувязі хочацца прыгадаць выдатнага работніка і чалавека Сяргея Смаргуна, які шчыраваў на гэтым МАЗе ў папярэднія ўборачныя. На жаль, лёс адмерыў яму кароткі жыццёвы шлях – і сёлета месца ў чырвонай кабіне вялікагруза заняў яго калега. Хоць для Яўгена Валер’евіча гэта было першае жніво, ён не падвёў – перавёз на зернеток гаспадаркі каля 800 тон зерня і стаў лідарам заліку раённых перадавікоў. Але ў адказ на нашы віншавальныя словы мужчына сціпла зазначыў, што яго заслуга тут не такая і значная: вазіў жа тое, што хлопцы намалацілі.
Працаваў Яўген літаральна з усімі сафійскімі камбайнерамі і можа дакладна засведчыць, як стараліся на хлебнай ніве Артур Карабань, Валерый Башун, Артур Ігнатовіч, Юрый Юркевіч, Андрэй Яфрэмаў, як вылаўлівалі пагодлівыя “форткі” і перажывалі, што кожны пахмурны дзень абарочваецца стратамі. Не менш прафесійна падыходзілі да справы і чашніцкія памочнікі. “Працавалі, як кажуць, ад расы да расы. Бывала, і а дзясятай гадзіне вечара бункеры выгружалі. Круг адвозкі да 60 кіламетраў даходзіў, бо ўчасткі па раёне раскіданы, – распавядае вадзіцель. – Калі сухая пшаніца, дык за раз тон 17 вёз, калі вільготная – менш”. “А не наадварот?”, – парапытваем яго. “Не! Я і сам спачатку думаў, што макрэйшае зерне больш важыць, але ж яно ў аб’ёме дадае, а сухія драбнейшыя зярняткі шчыльней ёмістасць запаўняюць. Таму раніцай у бункер 5,5 тоны змяшчаецца, а пад абед – 5,8”, – з веданнем справы тлумачыць дэбютант жніва.
Зрэшты, навічком у аграрнай галіне Яўгена Валер’евіча не назавеш, бо пасля армейскай службы распачынаў кар’еру ў “Сельгасхіміі”, дзе, дарэчы, працаваў і яго бацька. Прыгадвае, як у калгасы торф з Рубанікаў дастаўлялі, угнаенні на палеткі ўносілі. Калі ж прадпрыемства ліквідавалі, уладкаваўся ў лясгас, вазіў лес на бартавым МАЗе. А потым захацелася “рамантыкі” – падаўся ў дальнабойшчыкі, за пятнаццаць год і Еўропу скалясіў, і Азію. Жартуе, што толькі ў Манголіі не давялося пабываць. Але стаміўся ад качавога жыцця: вярнуўся на роднае прадпрыемства, спачатку слесарам, а потым зноў за баранку сеў. Столькі часу яны з жонкай у разлуцы правялі, а цяпер не толькі дома разам, а і працуюць у адной арганізацыі – Таццяна Міхайлаўна на працягу апошніх 15 год загадвае гаспадаркай лясгаса.
Толькі выдатныя словы выказаў у адрас Я.Ладзіка інжынер-механік прадпрыемства Ягор Полазаў: “Адказны, добрасумленны, умелы… За гэтыя тыдні ніводнага выхаднога ў яго не было: трэба – значыць трэба! Вельмі рады, што такі работнік у наш штат далучыўся”.
“Напэўна, моцна стаміліся?” – пытаемся на развітанне ў перадавіка жніва. “Ды не, я ж загартаваны! А ўсведамленне таго, што робіш патрэбную справу, сіл дадае. Вы прабачце, мяне ўжо чакаюць”, – кажа вадзіцель і шпарка ўзнімаецца ў кабіну грузавіка.
Наталля БАГДАНОВІЧ.