Подарки для пожилых и маленьких

Общество

Зімнія месяцы дораць нам шмат цудоўных падзей. Дзеці і дарослыя з нецярпеннем чакаюць вясёлых канікул і свят. Увесь снежань мы ў прадчуванні цудаў. Маляўніча аформленыя вітрыны магазінаў, тысячы агнёў ёлак і гірлянд – усё ўсяляе ў нашы душы трапяткое і прыемнае адчуванне надыходзячай казкі і новага этапу жыцця. У гэтыя радасныя моманты нельга забываць пра тое, што побач з намі могуць знаходзіцца людзі, якім асабліва патрэбна наша падтрымка і ўдзел; тыя, хто па розных прычынах не ведае, як праходзіць Новы год у кругу сям’і, ды і сям’і, па сутнасці, у іх няма.

Ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні навагодніх і калядных святаў арганізоўваць для адзінокіх людзей разнастайныя сустрэчы, канцэртныя праграмы і дабрачынныя акцыі. Прайшло такое мерапрыемства і ў аддзяленні кругласутачнага прабывання ў аграгарадку Вяркуды. Яго арганізатарам выступіла раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.

Сярод гасцей свята – старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В.М.Захарэнка, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец, выканаўца абавязкаў дырэктара Ушацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва З.К.Хаткевіч. Прысутныя шчыра павіталі пастаяльцаў аддзялення, павіншавалі іх з надыходзячымі святамі. Кожны атрымаў ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” навагодні падарунак. А канцэртная праграма, падрыхтаваная педагогамі і гурткоўцамі цэнтра пазашкольнай работы ўзняла настрой пажылым людзям – выступленні ўзнагароджваліся шчырымі апладысментамі. А на заканчэнне прагучалі просьбы прыязджаць яшчэ.

…І МАЛЕНЬКІХ

Пакінуць без увагі і клопату дзяцей напярэдадні святаў – недаравальна. Гэта разумеюць многія, таму заўсёды знаходзяцца грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі, грамадскія арганізацыі раёна, якія прымаюць удзел у дабрачынных акцыях, віншуюць малых, радуюць іх падарункамі. Вось і напярэдадні Новага года гасцей ва Ушацкім дзіцячым сацыяльным прытулку было шмат. Канцылярскія тавары, цацкі, самыя неабходныя прадметы адзення атрымалі выхаванцы ад раённай арганізацыі “Чырвоны Крыж”. А падчас ёлкі, якая прайшла тут 30 снежня, дзяцей павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў, старшыня райкама прафсаюза дзяржустаноў В.М.Сляцкая, начальнік аддзела адукацыі Л.Р.Карабань, начальнік аддзела культуры Т.М.Малак, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры М.А.Шэўчанка, а таксама гурткоўцы цэнтра пазашкольнай работы.

Дзеці атрымалі спартыўны інвентар, цацкі, сокі, цукеркі і віншавальныя паштоўкі, пазнаёміліся з Дзедам Марозам і Снягуркай, павадзілі карагоды. Для выхаванцаў і гасцей мерапрыемства быў арганізаваны салодкі стол. Паказчыкам таго, што свята атрымалася на славу, сталі шчаслівыя, радасныя вочкі дзетак.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: у дзіцячым сацыяльным прытулку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *