На своем месте: Александра Золотая выбрала сердцем и не ошиблась

Главное

У сістэме аховы здароўя Ушаччыны наша зямлячка Аляксандра Залатая працуе ўсяго год. Але ж годна праявіць сябе ўжо паспела – у інфекцыйным аддзяленні райбальніцы маладому спецыялісту нядаўна даверылі функцыі старшай медыцынскай сястры.

“Пытанняў наконт выбару прафесіі ў мяне ніколі не існавала – з дзяцінства ведала, што пайду ў медыцыну, – прызнаецца дзяўчына. – Крыві не баялася – да любой ранкі лісток трыпутніка прыкладу – і далей бягу. “Напрактыкоўвалася” ж, узяўшы цацачныя наборы з фанендаскопам ды тэрмометрам, алоўкі ў якасці шпрыцоў, на сваіх блізкіх. Калі ж ужо заканчвала адзінаццаты клас Арэхаўскай школы, адзінае, што спытала маці: у які канкрэтна медыцынскі каледж павязём дакументы”.
Спецыяльнасць “сястрынская справа” Аляксандра набывала ў Віцебску па мэтавым накіраванні. Вучыцца было цікава, не раз наведвалі студэнты анатамічны музей мясцовага медуніверсітэта.

Размеркаваць А.Залатую маглі ў любую медустанову вобласці. Прапанове ж вярнуцца менавіта на малую радзіму (ва Ушацкай ЦРБ якраз было некалькі вакантных месцаў) яна шчыра парадавалася. “Пашанцавала мне і з інфекцыйным аддзяленнем, у якім стала працэдурнай медсястрой, – расказвае малады спецыяліст. – Па-першае, умовы работы камфортныя: асобны будынак, забяспечаныя ўсім неабходным боксы для пацыентаў. Па-другое, калектыў тут проста выдатны: ва ўсім мне дапамагалі, падказвалі. Да Алены Аляксееўны Шакута, якая была старшай медсястрой, а зараз працуе ў “тэрапіі”, звяртаюся дагэтуль – калі ўзнікаюць пытанні па новых для мяне абавязках”.
Іх у маладога спецыяліста зараз, сапраўды, нямала: даводзіцца і медпрэпараты атрымліваць, справаздачную дакументацыю весці, і пра больш прывычныя працэдуры – пастаноўку ўколаў, катэтараў, забор крыві – не забывацца. Пакуль адзін бокс на рамонце, астатнія шэсць абавязкова задзейнічаны – толькі ў дзень нашай сустрэчы з Аляксандрай сюды паступілі тры новыя пацыенты.

Ужо вельмі хутка “інфекцыя” перакваліфікуецца ў аддзяленне сястрынскага догляду, а гэта значыць, маладому спецыялісту зноў давядзецца штосьці мяняць, магчыма, і новыя функцыі асвойваць. Але ж Аляксандра гэтага не баіцца, кажа: “Калі прафесія – любімая, усё гэта дробязі”.
Актыўная яна і ў грамадскім жыцці. Не так даўно ўдзельнічала ў конкурсе прафесійнага майстэрства сярод маладых медсясцёр Ушаччыны, у справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённай арганізацыі БРСМ, лёгкаатлетычнай эстафеце, маладзёжным велапаходзе, некалькіх турзлётах… Дарэчы, са спортам дзяўчына сябруе даўно, прапагандуе яго і сваім пацыентам. З жыллём – праблем ніякіх: ад райбальніцы маладым спецыялістам далі ва Ушачах кватэру, ды і ў арэхаўскім доме сямейнага тыпу, у якім вырасла Саша, заўсёды чакаюць.

Ці плануе яна штосьці мяняць? Пакуль адназначна не! На малой радзіме, у згуртаваным калектыве
аднадумцаў, упэўнена А.Залатая, ёсць усё для самарэалізацыі і далейшага развіцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *