Торжественное мероприятие накануне Дня работников леса прошло в районном центре культуры

К профессиональному празднику

А.Апёнак узнагароджвае А.Качана.

У цяперашні час работнікі Ушацкага лясгаса працуюць не толькі ў родным раёне, а і аказваюць дапамогу калегам з Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Таму і не змаглі ўсе прысутнічаць на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прафесійнага свята – працоўны доўг абавязвае, аднак узнагароды канечне ж знайшлі сваіх адрасатаў.

Прадоўжылася мадэрнізацыя дрэваапрацоўчага цэха, стаўку на развіццё гэтага накірунка робяць недарэмна – ён займае важнае месца ў вытворчасці і прыносіць прыбытак. У агульным аб’ёме вырабу піламатэрыялаў экспарт складае каля 70 працэнтаў. Прадаўжаюць асваенне домабудавання з дапамогай спецыяльнага абсталявання, не прастойвае ў цэху і дрывакольная лінія. Другая палова лета стала засушлівай, а таму ў напружаным рэжыме давялося працаваць лясной ахове. Калі ў іншых рэгіёнах зафіксаваны дзясяткі ўзгаранняў у лесфондзе, на Ушаччыне ў гэтым сезоне не зарэгістравана ніводнага ляснога пажару. Каб зберагчы лес, прадпрыемства не шкадуе сродкаў на мадэрнізацыю сваёй пажарнай службы.

Сёлета працаўнікам лясгаса нямала часу даводзіцца праводзіць у камандзіроўках. Вось і зараз у Жлобінскім, Буда-Кашалёўскім і Быхаўскім раёнах дапамагаюць з распрацоўкай ветравальна-бураломных лесасек, а ў прыгранічным Ельскім заняты на разрубцы супрацьпажарнага разрыву.

А.Апёнак узнагароджвае А.Окуневу

Шмат сіл і сродкаў ушачане сёлета ўклалі ў добраўпарадкаванне. Нямала зроблена па лясніцтвах і вытворчых тэрыторыях, а якое захапленне выклікае новая экасцяжына! Дарэчы, тэма навядзення парадку была ключавой на выязной калегіі Мінлясгаса ва Ушачах, і як кіраўніцтва галіны, так і калегі з іншых рэгіёнаў паставілі нашым землякам высокую ацэнку.
І, канечне, лесаводы ўдзяляюць увагу пасадкам новага лесу і догляду за ляснымі культурамі.

“Вы па-сапраўднаму адданыя справе людзі, ваша праца не толькі высакародная па сваім прызначэнні, а і важная для эканомікі раёна. Дзякуй за старанні!” – шчыра падзякаваў кіраўнік лясгаса свайму калектыву на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды свята.

У.Кастаненка, Г.Ягораў.

Віншавалі працаўнікоў лясной нівы і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў. Гучалі словы ўдзячнасці ў адрас ветэранаў. Лес – як той ураджай, толькі расціць яго трэба гадамі не аднаму пакаленню, таму ў сённяшніх справах ёсць уклад тых, хто на заслужаным адпачынку.

Аб тым, што ва Ушацкім лясгасе працуюць прафесіяналы, сведчыла вялікая колькасць узнагарод рознага ўзроўню. “Няёмка адчуваю сябе ў касцюме, мне бліжэй спецадзенне ці футбольная форма, ды і не дзеля ўзнагарод стараюся добра працаваць – інакш проста не магу”, – адзначаў, адпраўляючыся на святочнае мерапрыемства ў абласны цэнтр, вальшчык лесу Юрый Владзіёнак, які сёлета ўзнагароджаны Ганаровай граматай Мінлясгаса.

А.Апёнак узнагароджвае С.Жарнасека

Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі адзначаны навальшчык-звальшчык лесаматэрыялаў Андрэй Смаргун, Падзяка міністра аб’яўлена вадзіцелю Сяргею Жарнасеку. Ганаровую грамату абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання да свята атрымаў вальшчык лесу Юрый Бука, граматы – вальшчыкі Аляксандр Качан і Ігар Літвін, трактарысты на падрыхтоўцы лесасек Васіль Мамонаў і Анатоль Станкевіч. Падзяка гендырэктара абласнога аб’яднання аб’яўлена машыністу тралёвачнай машыны Анатолю Дайлідзёнку і механіку Сяргею Пацэйку. А форменнае адзенне ляснічага Плінскага лясніцтва Аляксандра Баратынскага і майстра лесу Касарскога Паўла Алексяёнка цяпер упрыгожваюць нагрудныя знакі “30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове”. Ляснічы Кубліцкага лясніцтва Вадзім Кальчэўскі адзначаны абласным прафсаюзам работнікаў лесу і прыродакарыстання. Яшчэ шэраг працаўнікоў да свята заахвочаны на ўзроўні прадпрыемства.

Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *