С заботой о каждом: фармацевт, которому доверяют ушачане

К профессиональному празднику

Неаднойчы чула, як фармацэўта-рэцэптара Зою Леанідаўну Бурнейка ўшачане паважліва называюць “мясцовым доктарам”. Назірала, як яна кансультуе людзей па пытаннях выбару лекаў, іх прымянення. Спецыялісту з больш чым 40-гадовым стажам, сапраўды, давяраюць многія.

– Удзячна лёсу за магчымасць пастаянна кантактаваць з людзьмі, дапамагаць ім, – расказвае ўраджэнка Мсціслаўскага раёна. – З дзяцінства любіла гатаваць, таму меркавала стаць тэхнолагам-кулінарам. Важную ж для мяне “перанастройку” дапамагла зрабіць маці, якая працавала фельчарам і параіла звярнуць увагу на аптэкарскую справу.
Пасля заканчэння Магілёўскага медвучылішча, дзе набыла спецыяльнасць фармацэўта, З.Л.Бурнейка па размеркаванні прыехала ва Ушачы. Пра наш раён нічога не ведала, але вельмі хутка адчула сябе тут сваёй. Працоўны шлях пачынала ў цэнтральнай аптэцы, загадчыцай якой была Соф’я Паўлаўна Падольская. У той час многія прэпараты рабілі самі, прычым, падключалі да працэсу звычайна маладых спецыялістаў. Чараваць над замешваннем мазяў, парашкоў ды раствораў Зоя Леанідаўна вельмі любіла.

Не баялася яна і камандзіровак – ездзіла ў Глыбачку, Дубраўку, Кублічы. Дарэчы, у першай затрымалася даволі доўга: замяняла работніцу, якая была ў дэкрэтным адпачынку. Не адмовілася таксама ад прапановы стаць загадчыцай медскладоў – такую адказную пасаду займала 17 гадоў.

– Зносінаў з людзьмі і фізічнай актыўнасці мне там не хапала, таму паралельна працавала ў цэнтральнай аптэцы, – кажа жанчына. – Прывыкла быць на нагах, таму, калі пачалася эпідэмія каранавіруса і да нас выстройваліся вялізныя чэргі, стрэсавай сітуацыі практычна не адчула.

У практыцы фармацэўта было рознае. Ужо калі стала працаваць у прыватнай аптэцы, што ў магазіне “Санта”, пасля заканчэння 11-гадзіннай змены вярталася дамоў – а тут устрывожаныя людзі насустрач выбеглі: іх малышу тэрмінова лекі спатрэбіліся. Канечне, адкрыла для іх аптэку. Даводзілася Зоі Леанідаўне і хуткую дапамогу землякам выклікаць, і ў прытомнасць іх прыводзіць.

Залогам поспеху аптэкі З.Л.Бурнейка называе калектыў. Ён невялікі – усяго тры спецыялісты, аднак дружны і апантаны сваёй справай. Разам з вопытнай Зояй Леанідаўнай працуюць маладыя ўшачанкі Анастасія Полазава і Алёна Лісічонак, дарэчы, абедзве па спецыяльнасці не толькі фармацэўты, але і медыцынскія сёстры.

– У мяне і дома на ўсялякі выпадак “выратавальная таблетка” практычна ад любой хваробы ёсць. Суседзі нярэдка з гэтай мэтай заходзяць, – усміхаецца спецыяліст. – А яшчэ часцей тэлефануюць, каб пракансультавацца, што прыняць. Абавязкова ўдакладняю ўсе сімптомы (напрыклад, пры галаўным болі трэба ўлічваць артэрыяльны ціск: пры павышаным нельга выкарыстоўваць сродкі з кафеінам), у складаных жа сітуацыях раю звярнуцца да ўрача, каб не нашкодзіць здароўю.

Ці магчыма запомніць найменні ўсіх прэпаратаў, якія рэалізуе аптэка? Наўрад ці, бо іх тут больш за дзве тысячы, айчынных і імпартных (дарэчы, першых, з высокай якасцю і ніжэйшым коштам – пераважная большасць). Але праблем з тым, каб пры патрэбе прапанаваць іх пакупнікам, у Зоі Леанідаўны не ўзнікае – пад рукой заўсёды ёсць карысныя падказкі.

– Рэалізуем не толькі лекі, вітамінныя комплексы, медыцынскае абсталяванне, але і акуляры, – расказвае жанчына. – Цікавяцца ўшачане і таварамі, якіх няма ў іншых аптэках райцэнтра: пры іх наяўнасці на фірмах, атрымліваем вельмі аператыўна – завоз у нас кожны дзень.

Спакойнымі іх прафесійныя будні не назавеш: за дзень звычайна каля 200 пакупнікоў наведваецца, а яшчэ трэба дакументацыю аформіць, усё па палічках граматна раскласці… Аднак гэта для З.Л.Бурнейка толькі ў радасць. Хоць па ўзросце і магла б ужо пайсці на заслужаны адпачынак, хоча заставацца актыўнай, запатрабаванай. і шчаслівай ад таго, што займаецца любімай справай.

У вольны час З.Бурнейка любіць схадзіць у басейн, прыгатаваць што-небудзь смачнае, агароднымі справамі заняцца. Заўсёды радуецца прыезду сына і дачкі з сем’ямі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *