Молодой учитель Великодолецкой школы Алёна Карпёнок: «Стать педагогом мечтала с детства!»

Образование и молодежь

На нядаўніх курсах павышэння кваліфікацыі Алену Карпёнак калегі жартаўліва параўналі з мульцітулам. Як гэты шматфункцыянальны інструмент, які выручыць у любой сітуацыі, работніца Вялікадолецкай школы паспяхова спраўляецца з рэкорднай колькасцю прафесійных задач. Яна і педагог-арганізатар, і выхавацель, і музычны кіраўнік, а яшчэ старшыня прафсаюзнай пярвічкі, лідар метадычнага аб’яднання…

– У школе я з самага ранку і да позняга вечара, – прызнаецца вялікадальчанка. – Ужо ў 7.30 сустракаю выхаванцаў дашкольнай групы. Паколькі ж працую з імі на палову стаўкі, ахопліваю і іншы фронт работы: рыхтую мерапрыемствы, абнаўляю сайт, стэнды, праводжу заняткі вакальна-харэаграфічнага гуртка, пішу справаздачы. А потым зноў вяртаюся да самых маленькіх. Субота – таксама рабочая, але гэта мяне не засмучае: справу сваю вельмі люблю, а блізкія ў любым выпадку побач – муж працуе ў школе вартаўніком, тут жа вучыцца сын Іван.

Стаць педагогам Алена Аляксандраўна хацела з дзяцінства. З захапленнем назірала, як на ўроках ва Ушацкай СШ віртуозна грае на баяне Галіна Пятроўна Прахарэнка і аднойчы сама пабегла ў школу мастацтваў на праслухоўванне.

– Добра, што тады ў прыватным доме, а не ў кватэры жылі – суседзям несалодка б прыйшлося, – усміхаецца А.Карпёнак. – Я асвойвала баян, сястра – домру, абедзве цяжкім рокам захапляліся – ціха ў нас ніколі не было. Калі ж пасля дзявятага класа я агучыла намер паступаць у Полацкі педкаледж на музычнага кіраўніка, блізкія не здзівіліся.

Прафесійную дзейнасць Алена Аляксандраўна пачынала з пасады выхавацеля ў адным з наваполацкіх дзіцячых садоў. Як зараз успамінае, вельмі напужалася, калі ўпершыню прыйшла ў ясельную групу і ўбачыла практычна немаўлят – многім яшчэ і двух годзікаў не было. Як з такімі працаваць, не ведала – усё давялося асвойваць на практыцы. А праз два гады дзяўчына вярнулася на малую радзіму: знайшла сваё каханне, пераехала да мужа ў Вялікія Дольцы і нарадзіла сына. Калі ж прыйшоў час аддаваць хлопчыка ў дзіцячы сад – стала там выхавацелем і музычным кіраўніком.

– Цяпер у нашай дашкольнай групе 13 выхаванцаў, – расказвае пра адзін з “пластоў” сваёй работы Алена Аляксандраўна. – Узрост – ад 1,5 да 6 гадоў, таму простымі заняткі ніколі не бываюць: з аднымі можна песню вучыць, другім паралельна харэаграфічныя элементы паказваць, а некага проста на ручках патрымаць ці гульнёй заняць.
Бачачы ўменне педагога спалучаць розныя задачы, кіраўніцтва школы дадаткова прапанавала ёй пасаду педагога-арганізатара.

І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц – гэта дакладна пра А.Карпёнак. Любая школьная падзея не абыходзіцца без яе непасрэднага ўдзелу: яна і сцэнарыі піша, рэпетыцыі праводзіць, і ўнікальныя фотапрэзентацыі стварае, відэаролікі манціруе. Дарэчы, у якасці вядучай і сама разам з дзецьмі на сцэну выходзіць. Для іх Алена Аляксандраўна не толькі педагог, але і сябра, які абавязкова падтрымае, уласным прыкладам на добрыя справы натхніць.

– Прывыкла быць у руху, да гэтага і школьнікаў прывучаю – так жыць цікавей! – кажа А.Карпёнак. – Планамі на кожны дзень распісаны ўсе блакноты, паперкамі з напамінамі пярэсціць рабочае месца… Ці стамляюся? Канечне! Аднак калі чую пасля праведзенага мерапрыемства апладысменты, бачу задаволеныя твары хлопчыкаў і дзяўчынак – усё як рукой здымае.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *