За ўшацкім спарткомплексам даўно замацаваўся статус міжнароднага аб’екта, бо тут пастаянна трэніруюцца і выступаюць не толькі беларускія, а і расійскія спартсмены. Прычым, па назвах рэгіёнаў, прадстаўнікі якіх добра ведаюць, дзе знаходзяцца маленькія Ушачы, можна ўжо карту суседняй дзяржавы маляваць – пазначаны там будуць не толькі цэнтральныя гарады, а і паўночны Петразаводск, далёкаўсходні Сахалін… А ў гэтыя дні “спартыўная геаграфія” ўшацкага аб’екта яшчэ больш пашырылася: упершыню да нас на трэніровачны збор прыбыла каманда з Казахстана – нацыянальная жаночая зборная па гандболе.
Краіны нашы знаходзяцца ў розных частках мацерыка – каб дабрацца з Алматы ў Мінск, гандбалісткі правялі ў небе больш пяці гадзін. Аднак існуе меркаванне, што казахі і беларусы ў многім падобныя: прадстаўнікам абедзьвюх нацый уласцівыя добразычлівасць, разважлівасць, памяркоўнасць. І знаёмства з казахскімі гасцямі гэтую выснову цалкам пацвердзіла!
“Здзівіліся, калі ўзнікла прапанова правесці зборы ў беларускай глыбінцы? Магчыма, не вельмі абрадавала перспектыва адправіцца ў гэткую далеч?” – з такіх пытанняў мы пачалі размову з капітанам зборнай Марыяй Пупчанка і адным з яе лідараў Алесяй Малышавай (аказваецца, дзяўчаты з такім імем жывуць не толькі ў беларускім Палессі). “Канечне, каб знайсці Ушачы, давялося ўважліва разгледзець карту, – з усмешкай прызналіся нашы суразмоўцы. – А ўвогуле падарожжа ў Беларусь успрынялі з натхненнем!”
Ідэя правесці зборы на нашым комплексе належала галоўнаму трэнеру каманды Аляксандру Сыцько. У свой час гэты аўтарытэтны спецыяліст узначальваў беларускую зборную, а таксама клуб “Віцябчанка”, які часта праводзіць ва Ушачах свае дамашнія матчы. Год таму Аляксандр Сяргеевіч прыняў прапанову стаць рулявым зборнай Казахстана. Старт аказаўся выдатным: на чэмпіянаце Азіі, які праходзіў у Індыі, каманда заваявала “бронзу”, прычым перамагла нават кітаянак. У аэрапорце казахскія балельшчыкі сустракалі медалістак вельмі цёпла – з музыкай, кветкамі! Дарэчы, яны атрымалі права выступіць і на сусветным першынстве, якое будзе праводзіцца ў Германіі і Нідэрландах, а збор у Беларусі, па словах А.Сыцько, – адзін з ключавых этапаў планавай падрыхтоўкі да турніру.
На нашым комплексе для гэтага, канечне, ёсць усе ўмовы. Спартсменкі з захапленнем расказвалі, як уразілі іх гульнявая пляцоўка, утульныя пакоі ў новым інтэрнаце, выдатны басейн і трэнажорка. Адзначылі, што іх смачна кормяць у кафэ: асабліва ўсім спадабаўся суп з фрыкадэлькамі і фірменныя пончыкі. “Нам ёсць з чым параўноўваць! У тым жа Нью-Дэлі, напрыклад, стравы былі вельмі вострыя і ўвогуле спецыфічныя, так што мы хваляваліся за свае страўнікі. А ў вас ежа збалансаваная і дыетычная!” – падзяліліся дзяўчаты. Падкрэслілі, наколькі ветлівыя і ўважлівыя да іх адміністрацыя і персанал комплексу. Не шкадавалі кампліментаў і наконт чысціні, прыгажосці нашага пасёлка. Адзначалі, напрыклад, як спадабалася ім маляўнічая сажалка пад вокнамі інтэрната, па якой плаваюць качкі.
Казахскія гандбалісткі не толькі плённа трэніраваліся ва Ушачах, а і ацанілі ўзровень сваёй падрыхтоўкі падчас таварыскіх матчаў з беларускімі клубамі і нацыянальнай зборнай нашай краіны, убачылі, над чым яшчэ трэба папрацаваць.
“Выдатна, што спорт дае магчымасць ладзіць такія вось міжнародныя сяброўскія стасункі, адкрываць новыя далягляды”, – далучыўся да нашай размовы Ігар Андрэюшкін, які дапамагае Аляксандру Сыцько трэніраваць казахскую каманду. І прызнаўся, што мае беларускія карані, але дагэтуль ніколі не бываў у нашай краіне.
Мы ж заўсёды рады гасцям і, канечне, зробім усё, каб яны пажадалі вярнуцца на Ушаччыну. І такія вось душэўныя сустрэчы і размовы ў чарговы раз даказваюць, якім правільным і перспектыўным быў курс на інтэнсіўнае развіццё ў нашым раёне спартыўна-турыстычнага напрамку.
Наталля БАГДАНОВІЧ

