У Беларусі штогод на аздараўленне і лячэнне грамадзян выдзяляецца сума, эквівалентная 100 мільёнам долараў. Гэта каля 800 тысяч чалавек або 10 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Не кожная краіна ў свеце можа такое сабе дазволіць. Прыярытэтным з’яўляецца аздараўленне дзяцей, асабліва ў летні перыяд.
Вынікі аздараўленчай кампаніі на Ушаччыне разглядалі на апошнім пасяджэнні райвыканкама. У абмеркаванні пытання прынялі ўдзел дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.
У летні перыяд у 15 ушацкіх лагерах аздаравілася 306 дзяцей, яшчэ 105 адпачнулі ў спартыўным “Алімпійцы” на базе комплексу “Юнацтва-Ушачы”. На аздараўленне дзяцей са сродкаў раённага бюджэту сёлета было накіравана каля 24 тысяч рублёў. У летні перыяд праведзена маштабная работа па перамяшчэнні аздараўленчага лагера “Турасполле” ў будынак былога дзіцячага сада ў аграгарадку Арэхаўна. У наступным годзе аб’ект будзе паўнацэнна функцыянаваць і адпавядаць усім патрабаванням.
Як адзначыў Генадзь Балбатоўскі, улетку ў Беларусі аздаравіліся 395 тысяч дзяцей, што на 6 тысяч больш запланаванага. На правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі рэспубліканскаму цэнтру было выдзелена больш за 70 мільёнаў рублёў. Асаблівая ўвага – дзецям-інвалідам і дзяцям-сіротам. Планавыя лічбы па аздараўленні гэтых катэгорый юных грамадзян былі перавыкананы.
У гэтым годзе дастаткова вялікія сумы былі выдзелены з розных крыніц на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных лагераў – больш за 38 мільёнаў, што прыкладна на 20 працэнтаў больш, чым летась.
Хутка восеньскія канікулы, у гэты час будуць працаваць дзіцячыя лагеры пераважна з дзённым знаходжаннем, у тым ліку і на Ушаччыне на базе школ. Усяго ж плануецца восенню аздаравіць больш за 70 тысяч дзяцей.
“Прыярытэтным застаецца ў нашай дзейнасці аздараўленне юных беларусаў, якое не абмяжоўваецца толькі летнім перыядам, а праходзіць круглы год у санаторыях, дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах. Фінансаванне ж фарміруецца ў залежнасці ад заявак, якія зыходзяць з раёнаў. Падкрэслю, што за апошняе дзесяцігоддзе не было выпадкаў, каб Міністэрства фінансаў адмовіла ў выдзяленні патрэбных сродкаў на аздараўленне. Дзякую ўшачанам за праведзеную работу ў гэтым напрамку, спадзяюся, што новы лагер ў Арэхаўне будзе працаваць плённа і паспяхова”, – зазначыў Генадзь Балбатоўскі.
Падчас паездкі ў раён ён таксама наведаў і “Юнацтва-Ушачы” (на здымку) і быў прыемна ўражаны ўмовамі для заняткаў спортам і аздараўлення насельніцтва. Пабываў дырэктар цэнтра і ў здраўніцы “Лясныя азёры”, якая пастаянна развіваецца і прапануе зараз адпачываючым больш 250 медыцынскіх паслуг.
Вольга КАМАРКОВА

