Накануне профессионального праздника в Ушачах чествовали лучших работников отрасли и ветеранов труда

Общество

Урачыстасць з нагоды прафесійнага свята медыкаў сёлета прайшла за некалькі дзён да вызначанай даты, але нягледзячы на гэта атрымалася ўзнёслай і цікавай. Залу раённага цэнтра культуры запоўнілі не толькі работнікі ЦРБ, а і члены іх сямей, ветэраны працы, а таксама ўдзячныя пацыенты.

Са сцэны ў гэты дзень прагучала шмат віншаванняў і добрых слоў у адрас ушацкіх медыкаў. Член Савета Рэспублікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч адзначыла, што медыцыне ў нашай краіне і раёне ўдзяляецца вялікая ўвага, а для многіх супрацоўнікаў галіны гэта больш чым работа, гэта – лад жыцця. Намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак падзякавала дактарам, медсёстрам, санітаркам, іншым прадстаўнікам ЦРБ за бясцэнную работу, якую тыя штодня выконваюць, за міласэрнасць і прафесіяналізм, а ветэранам галіны за вопыт, веды, традыцыі.

Шэраг медыкаў былі адзначаны граматамі і падзякамі раённага ўзроўню і непасрэдна райбальніцы. Хоць, канечне, увесь калектыў заслугоўвае пашаны. Цэняць ушацкіх прафесіяналаў і на вобласці: за шматгадовую працу, асабісты ўклад ва ўмацаванне здароўя насельніцтва Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама адзначаны намеснік галоўнага ўрача Наталія Дрозд, урач-фтызіятр Надзея Карабань, медсястра Ірына Завадзінец.

На сённяшні дзень у сістэме аховы здароўя раёна працуе 331 чалавек.

Падрыхтаваў сюрпрызы да свята і прафсаюз. Пярвічка райбальніцы нязменна з’яўляецца адной з лепшых у раёне, у калектыве трывалыя прафсаюзныя традыцыі. Так, усіх ветэранаў і маладых спецыялістаў чакалі падарункі. Прыемныя бонусы адправіліся ў прыёмнае і аддзяленне рэанімацыі і анестэзіялогіі, для якіх закуплены мікрахвалевая печ і электрачайнік.
Медыкі заўсёды грунтоўна падыходзяць і да падрыхтоўкі канцэртнай часткі. Так, сёлета акрамя нумароў культработнікаў у праграме былі і жартоўныя сцэнкі, прыпеўкі, якія загадзя старанна прадумвалі і рыхтавалі Таццяна Радыгіна з сынам Косцем, Таццяна Клачок, Ірына Герцык, Вераніка Глінская, Людміла Якубёнак. Іх задорныя жыццёвыя сюжэты калегі і госці ацанілі гучнымі апладысментамі і добрымі водгукамі ўжо пасля канцэрта.

А яшчэ кожнаму з прысутных у зале перад мерапрыемствам былі раздадзены незвычайныя медыцынскія рэцэпты з нумарамі – такім чынам сярод медыкаў разыгралі латарэю з трыма патрэбнымі прызамі.

Канечне, не ўсе медыкі змаглі папрысутнічаць на ўрачыстасці – многія знаходзіліся на сваіх працоўных месцах, такая спецыфіка іх складанай работы. Дзякуй вам, людзі ў белых халатах!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *