Гэта адно са старэйшых выданняў не толькі Віцебшчыны, але і рэспублікі! У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя па ўсёй краіне існавала крыху больш трыццаці газет і часопісаў, пераважна рэспубліканскіх (зараз 896 толькі друкаваных СМІ). Старэй нас у вобласці хіба што “Чырвоная Полаччына” – утвораная адразу пасля рэвалюцыі ў 1917 годзе. Менавіта ў яе друкарні і выйшаў першы тыраж у 1500 экзэмпляраў “Прымежнага калгасніка”. У назве крыецца адказ на тое, чаму менавіта ўшацкая газета аказалася ў ліку першых сямі з 96 раёнаў (столькі іх было ў 1930-м годзе). Друкаваныя органы прапаганды імкнуліся хутчэй арганізаваць у раёнах, якія гранічылі з Польшчай. Дарэчы, на мове гэтай краіны з 1939 (пасля далучэння Заходняй Беларусі) па 1941-ы друкаваліся дзве старонкі ўшацкай “раёнкі”.
Як вядома, выходзіла газета і ў часы вайны, хоць, зразумела, без пэўнай перыядычнасці. Дыслакацыі штабаў брыгад і, адпаведна, друкарань, мяняліся, аднак і зараз на адной з дач у вёсцы Двор Павулле вісіць шыльда-адрас “Прымежнага калгасніка”. Пасля вызвалення раёна ў ім працавалі былыя партызаны – вопытныя журналісты і наборшчыкі.
У 1945-м газета атрымала новае імя – “Сацыялістычны шлях” – і насіла яго да 1962-га, калі быў скасаваны Ушацкі раён. А ў навагоднюю ноч 1967 года выпускаўся першы нумар “Патрыёта”. Так, каб у дамы ўшачан прыйшоў тыраж у 4-5 тысяч экзэмпляраў (самы вялікі ў канцы васьмідзясятых-пачатку дзевяностых складаў 5800), друкарскія станкі працавалі ўсю ноч. Была яна чорна-белай і выходзіла тры разы на тыдні аб’ёмам у чатыры старонкі.
У 1996 годзе (адным з першых у вобласці) “Патрыёт” перайшоў на настольна-выдавецкі комплекс (камп’ютарны набор і вёрстку), і вось ужо амаль трыццаць год па электроннай пошце перадаецца ў Наваполацкую друкарню. А каб усе нашы падпісчыкі атрымалі на наступны дзень газету, прычым, ужо сфальцаваную (з укладзеным унутр укладышам) – хапае ўсяго 15-20 хвілін работы станкоў. І ўжо больш 10 гадоў вы атрымліваеце каляровы і самы вялікі па аб’ёме з часоў выдання “Патрыёт”.
Вольга КАРАЛЕНКА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

