Виктор Бекаревич — знаменитый священник с ушачской земли

Наши земляки

 

Сярод славутых землякоў, чые імёны змешчаны ў кнізе “Памяць” – толькі адзін свяшчэннік – Віктар Васільевіч Бекарэвіч. Ды і ўшачанам ён не надта знаёмы, бо з раёнам звязвае хіба нараджэнне і дзяцінства. Тым не менш гэта асоба вядома не толькі ў Беларусі, а і ў свеце. Пра яго зняты фільмы, напісана шмат артыкулаў, яго справу працягвае вялікая дынастыя. А ў адным з інтэрв’ю ён выказаўся пра сваё жаданне пабываць у Вялікіх Дольцах. На жаль, так і не паспеў спраўдзіць задуманае.

На здымках свяшчэннік выглядае сур’ёзным і закрытым. А калі пачынаеш слухаць у запісах яго выступленні – на богаслужэннях у Мінскім храме Аляксандра Неўскага – апошнім месцы службы, ці ў простым драўляным доме, адчуваеш, наколькі гэта шчыры, інтэлектуальны, з пачуццём гумару субяседнік. І ўспрымаеш як абсалютна свайго, ушацкага. Хаця ўраджэнцам нашага раёна ён стаў выключна дзякуючы назначэнню бацькі Васіля Сафронавіча Бекарэвіча настаяцелем храма Святога Духа ў Вялікіх Дольцах. Там сям’я правяла з 1913 па 1920 гады, а 24 лістапада 1915-га нарадзіўся Віктар. Цікава, што калі Васіля Сафронавіча абвінавацілі ў сувязі з белапалякамі, ушачане напісалі шмат хадайніцтваў за бацюшку, і яго вызвалілі.

Да 110 годдзя з дня нараджэння В.В.Бекарэвіча ў царкве Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры падрыхтавана выстава-радавод святара і багаты матэрыял з яго біяграфіі, які з розных крыніц шукала Марыя Мікалаеўна Правада.

Бекарэвічы паходзяць са старажытнага роду святароў (у Ленінградскім архіве захоўваюцца даведкі з 1640 года), якія атрымалі дваранскі тытул. У 1936 годзе Віктар Васільевіч будуе царкву ў невялікай вёсцы Ілія Вілейскага благачыння. Потым служыў у Латыголі ля Маладзечна, з 1951 па 1955 – благачынны Вілейскага, а па 1959 – Стаўбцоўскага раёнаў, у 60-я гады – у Мінску. У 1970-м В.Бекарэвіча накіроўваюць ў Свята-Нікольскую царкву ў сталіцы Аўстрыі Вене. Памёр Віктар Васільевіч у 2002 годзе.

Партызан у расе

Гэты ўнікальны чалавек мае Ордэн Айчыннай вайны, яго імя занесена на старонкі сайта partizany-by, бо Віктар Бекарэвіч з 1942 па 1944 быў сувязным брыгады, што дзейнічала на Маладзечаншчыне. Аднак свае адносіны да акупацыі ён даказаў яшчэ ў пачатку вайны, калі да яго дома прыбіліся два палонныя чырвонаармейцы. Пакінуў іх пад выглядам работнікаў, выхадзіў, а пазней пераправіў да партызан, якія спачатку прыглядаліся да бацюшкі, правяралі. І не дзіўна, бо да яго ж лаяльна ставіліся, часта заходзілі фашысты. Аднойчы яны ледзь не сустрэліся – партызаны паспелі схавацца на гарышчы, а трохгадовая Арыадна паказала пальчыкам наверх і сказала “Дзядзі там”. Лепет малой, на шчасце, не зразумелі ці падумалі, паказвае, што Бог – там, аднак страху сям’я, у якой ужо было 4 дзяцей, нацярпелася.

Падвяргаў яе небяспецы протаіерэй і тады, калі пускаўся на падводзе ў Маладзечна і Мінск, збіраў даныя, калі праводзіў партызан на званіцу (адтуль аглядалі сляды дыверсійнай работы). У яго доме хавалі ўзрыўчатку, ён перадаў у атрад сабраныя вернікамі 20 тысяч рублёў. Легендай стала і гісторыя пра тое, як пасля вайны да Бекарэвіча спецыяльна завітаў камісар з Піншчыны. “Перадай, што я памёр за сваю Радзіму”, – такой была апошняя просьба Уладзіміра Мурашова – салдата, якога хаваў бацюшка.

Дзіўнае заступніцтва

“Я перажыў палякаў і бальшавікоў, перамог фашыстаў і сустрэў рускіх”, – казаў ён у сваіх успамінах. І ў гэтых словах пакуты, боль эпохі, якія любому чалавеку вынесці было складана, а свяшчэнніку-двараніну – проста нерэальна. А ён выстаяў. Хоць і аказаўся па-за штатам царквы і адлічаны з Варшаўскага ўніверсітэта, бо сям’я адмовілася прыняць польскае грамадзянства. У 1939-м, пасля аб’яднання, ён зноў у Беларусі, толькі ў той, дзе цэрквы разбураны і разрабаваны. Тым не менш, Віктар Бекарэвіч ва ўсе часы хрысціў, прычашчаў, адпяваў, заставаўся адзіным пасля вайны ў Беларусі бацюшкам, які ў сваім Латыгольскім прыходзе праводзіў хрэсныя хады. Ён вешаў на расу ўзнагароды партызана і адстойваў інтарэсы вернікаў, а паколькі на вышэйшых пастах краіны таксама былі франтавікі, да яго прыслухоўваліся. У 1960-м, калі служыў у Мінску і хацелі зачыніць Аляксандра-Неўскую царкву, абараніў храм, напісаўшы пра яго ўнікальную гісторыю. У 1953-м звярнуўся да першага сакратара ЦК КПСС М.С.Хрушчова, каб заступіцца за роднага бацьку, пакаранага на 25 год лагерных работ, і праз паўгода яго выпусцілі, а потым і рэабілітавалі.

Самай высокай духоўнай узнагародай лічыцца Патрыяршы крыж. Віктар Бекарэвіч за 66 год службы ўдастоены яго двойчы.

“Маці за 9 праведзеных у Вене год выдатна вывучыла нямецкую мову. А бацька з усімі прыхаджанамі (імі аказаліся і продкі князёў Раеўскіх, Трубецкіх, Разумоўскіх) гаварыў выключна на рускай”, – прыгадваў сын Мікалай. Дарэчы, ён стаў не святаром, а навукоўцам, а вось усе дочкі Віктара Васільевіча выйшлі замуж за свяшчэннікаў і працягнулі дынастыю, як і ўнукі.

Пра аўтарытэт бацюшкі сведчыць і такі факт. Аднойчы з храма ў Латыголі ўкралі ікону. Гэта заўважылі дзеці і паведамілі першаму даросламу, якім аказаўся парторг гаспадаркі. Злодзея, які сеў у першы аўтобус, перахапілі і перадалі ў міліцыю.

Каб бліжэй пазнаёміцца з Віктарам Бекарэвічам, раім паглядзець дакументальную стужку Уладзіміра Арлова “Бацюшка”.

Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *