Переехала с областного центра в ушачскую глубинку и нисколько об этом не жалеет! Рассказываем историю художницы Натальи Смирновой

Калейдоскоп

Бываюць людзі, з якімі імгненна знаходзіш агульную мову і ўжо праз некалькі хвілін зносін маеш адчуванне, быццам ведаў іх шмат гадоў. Менавіта да такіх належыць мастак-афарміцель Ушацкага Дома рамёстваў Наталля Смірнова. Жыхаркай нашага раёна карэнная віцябчанка стала зусім нядаўна: не пабаялася кардынальна змяніць уклад жыцця і пераехала ў Вялікія Дольцы.

Даволі нярэдка бывае так, што нашы землякі пасля працяглай гарадской кар’еры вяртаюцца да сваіх каранёў і адраджаюць бацькоўскія сядзібы. Наталлю ж з Ушаччынай зусім нічога не звязвала, дык адкуль узнікла такое рашэнне? Натуральна, што менавіта з гэтага пытання пачалася наша размова.

“Так сталася, што ўсё жыццё я прысвяціла блізкім, падстройвалася пад іх жаданні і не задумвалася, чаго ж хоча мая душа. І вось на мяжы свайго пяцідзесяцігоддзя, калі засталася толькі з сынам-падлеткам, задалася пытаннем: “Хто я і куды іду?” Лёс мой быў поўным выпрабаванняў, але Бог дараваў сілы іх вынесці і не зламацца. І ў самыя змрочныя часы ў глыбіні сэрца заўсёды тлела надзея, што я калісьці буду шчаслівая. Чаму, не маючы вопыту жыцця ў вёсцы, рашылася на такі крок? Тут трэба ўзгадаць ланцужок знакавых момантаў. Аднойчы мы з сынам былі на конкурсе аўтарскай песні і паэзіі “Віцебскі лістапад”. У ліку іншых на сцэну выйшла ўшачанка Людміла Дунец і пачала чытаць свой верш “Капішча”. Ён быў настолькі пранікнёным, што мяне проста “працяла токам”. Мне, якая страціла амаль усіх родных і блізкіх, быццам далі знак, што дарагія сэрцу людзі і зараз глядзяць на мяне, накіроўваюць, ахоўваюць. Пазней я наведала ў Віцебску аўтарскі вечар Людмілы, падчас якога яна расказвала пра сваю малую радзіму. Потым было знаёмства з адной цудоўнай жанчынай, якая родам з Царкавішча. І я вырашыла пабываць на Ушаччыне”.

Знаёмства са школай у Вялікіх Дольцах падмацавала яе рашэнне. Наталля са здзіўленнем адкрыла для сябе, што ў сучасным свеце, дзе падлеткі развучваюцца думаць і пераходзяць да віртуальных зносін, ёсць установы “савецкага ўзору” – у лепшым сэнсе гэтага паняцця. Убачыла педагогаў, якія сапраўды жывуць сваёй вышэйшай місіяй і шчыра любяць дзяцей. Залішне казаць, як цёпла прынялі ў школе яе сына Мішу. У яго сёмым класе 12 вучняў (для параўнання: у Віцебску было 35). Хлопчык знайшоў сабе сяброў, старанна вучыцца і з захапленнем займаецца біятлонам пад кіраўніцтвам Уладзіміра Лапіцкага. А для самой Наталлі знайшлася вакансія ў раённым цэнтры культуры. Нескладана было і набыць дом у аграгарадку – звычайны, вясковы, без выгод, таму, канечне, цяжкасцяў хапае, але яна паступова робіць рамонт, уладкоўвае быт. І не перастае радавацца, што ўсе людзі, з якімі тут пазнаёмілася, добрыя, спагадлівыя, гатовыя прыйсці на дапамогу.

Цяпер пра творчасць. Варта адзначыць, што большую частку кар’еры Наталля аддала дзецям: скончыўшы мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, працавала настаўнікам у школе, педагогам дадатковай адукацыі. Яе вучні станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў. Для сябе ж займалася ў асноўным графікай, вельмі любіць маляваць партрэты ў алоўку, асабліва нестандартныя твары, рысы якіх нясуць непаўторны, глыбінны сэнс. Яе “каронка” – 3D-карціны з цеста, якія выглядаюць вельмі эфектна. Наталля – майстар у роспісе сцен, пра што ўжо ведаюць вялікадальчане, бо яна паспела аздобіць залу мясцовага Дома культуры. А вось жывапісам займалася нячаста – аднак, пражыўшы на Ушаччыне ўсяго тры месяцы, напісала серыю пейзажаў – так натхнілі яе нашы краявіды і славутасці.

“Крыжы ў Замошшы, панскі млын, “Прарыў”, касцёл святой Веранікі, утульны гарпасёлак – гэтыя месцы ўдыхнулі ў мяне такую колькасць творчай энергіі, што я загарэлася ідэяй аб пераездзе. У горадзе сябры і калегі круцілі пальцам ля скроні, але іх скептыцызм мяне не спыніў”, – прызнаецца Наталля.

“Аднойчы, мінаючы на шляху да Дома рамёстваў воінскае пахаванне, я спыніла погляд на скульптуры савецкага салдата. Сэрца схамянулася: у маім уяўленні ён нібыта ажыў, “расказаў” пра сваю місію – ахоўваць вечны сон загінуўшых у баі таварышаў, душы якіх “ператварыліся ў белых жураўлёў…” – апісвае мастачка гісторыю стварэння аднайменнай работы.

Ну а мяне размова з ёй умацавала ў думцы, што трэба прыглядацца да знакаў, якія падае неба. І не стамляцца ісці праз лабірынты гадоў і нягод у пошуках летуценнага зямнога шчасця.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *