Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч правёў ва Ушачах “прамую лінію” і прыём грамадзян. Трэба адзначыць, што вялікага ажыятажу не назіралася, а ўсе агучаныя ўшачанамі пытанні вядомы мясцовым органам улады.
Дачніца з Газберга прасіла дапамогі ў вырашэнні праблемы з водазабеспячэннем: цэнтральнага тут няма, у суседскім калодзежы вада з-за высокага ўтрымання жалеза адпавядае толькі тэхнічнай, а варыянт хадзіць за паўкіламетра ў крыніцу за чыстай яе не задавольвае. Адмовілася жанчына і ад прапановы мясцовых улад арганізаваць падвоз вады. Канечне, немэтазгодна будаваць водаправод у населеным пункце, дзе ўсяго некалькі чалавек, невядома, ці будзе чыстай вада, калі абсталяваць свідравіну. Абяцанняў і рашэнняў заяўніца адразу не атрымала – сітуацыю трэба яшчэ раз прааналізаваць і знайсці падыходзячы варыянт.
Жыхара Ушач цікавіла, ці будзе ўсё ж у гарпасёлку лазня. Як мы ўжо паведамлялі, новую вырашана не ўзводзіць з-за надта высокіх выдаткаў на праектаванне і будаўніцтва. Пад лазню пераабсталявана памяшканне сауны на фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Дарэчы, зараз – пасля рамонту катла – яна зноў працуе па выхадных: субота – мужчынскі дзень, нядзеля – жаночы.
Адразу два пытанні агучыла ўладальніца аграсядзібы з вёскі Белае. Варыянты паляпшэння сувязі ў бліжэйшы час будуць разгледжаны як праз Белтэлекам, так і мабільнага аператара. А вось прывесці ў належны стан дарогу да населенага пункта даручана дарожнай службе – месцамі кустоўе настолькі падступіла да абочын, што дзвюм машынам складана размінуцца. Мараць жыхары і пра асфальт па вёсцы, каб не дыхаць пылам і перамяшчацца з камфортам. Гэтай тэмы датычыўся і зварот старэйшыны вёскі Лутава Сяльцо. З просьбай заасфальтаваць вуліцу па населеным пункце ён звяртаецца не ўпершыню. Канечне, вёска, якая носіць званне адной з лепшых у раёне па добраўпарадкаванні, заслугоўвае асфальтавага палатна. Аднак у бліжэйшай перспектыве ажыццявіць просьбу не атрымаецца з-за невялікіх аб’ёмаў фінансавання, што выдзяляюцца на рамонт дарог – сродкі размяркоўваюцца на самыя запатрабаваныя і сапсаваныя трасы.
Звярталіся ўшачане да памочніка Прэзідэнта і з некаторымі іншымі пытаннямі, якія датычыліся эфектыўнага выкарыстання сельгасзямель, назначэння пенсій.
Уладзімір Іосіфавіч таксама абмеркаваў са старшынёй райвыканкама і яго намеснікамі пытанні сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, добраўпарадкавання гарпасёлка і раёна, развіцця турызму. Менавіта на апошні накірунак раёну трэба рабіць асаблівую стаўку. “Унікальны па сваёй прыродзе, колькасці азёр, лясоў і размяшчэнні ён можа прэтэндаваць на званне самага лепшага для адпачынку і развівацца. Але не трэба сядзець у чаканні, што хтосьці да вас пастукаецца і нешта прапануе. Шукайце інвестараў, прапаноўвайце ім розныя варыянты, рэкламуйце свой рэгіён. І галоўнае – працуйце з аддачай, зладжана і адной камандай”, – падкрэсліў У.Юргевіч.
Вольга КАМАРКОВА

