Дабрачынныя акцыі маюць і яшчэ адзін “плюс” – распавядаючы пра іх, мы наведваем цікавых землякоў, ветэранаў працы, вялікія сем’і, чуем гісторыі людзей, якія пераадольваюць няпростыя жыццёвыя выпрабаванні.
Так, з жыхарамі Матырына Мікалаем Спірыдонавым і яго дачушкай Кацяй нас упершыню пазнаёміла менавіта дабрачынная акцыя, якая таксама ладзілася напярэдадні новага года – толькі навучальнага. Тады набыць патрэбныя для школы рэчы сям’і дапамаглі прадстаўніцы “Беларускага саюза жанчын”. Цяпер жа эстафету добрых спраў перанялі актывісты раённай арганізацыі ГА “Патрыёты Беларусі”, якія ў рамках акцыі “Нашы дзеці” вырашылі пабываць у няпоўных сем’ях, дзе сыноў і дачок выхоўваюць таты.
Пакуль трэцякласніца Кацюша, адклаўшы ў бок алоўкі і кніжку-размалёўку, з захапленнем разглядала падоранага ёй вялізнага плюшавага мядзведзя, Мікалай Паўлавіч распавядаў, як яны правялі год – восьмы з таго трагічнага моманту, калі пайшла з жыцця мама дзяўчынкі. Сустрэў ён гасцей у рабочым камбінезоне: у дрэваапрацоўчым цэху лясгаса працуе пазменна і ў выхадны запланаваў рамонт машыны. Вольнага часу зусім мала: трэба весці хатнюю гаспадарку, ды і дачушцы ўвагу ўдзяліць. Зімой, праўда, крыху прасцей, бо завершаны агародныя клопаты – руплівы гаспадар апрацоўвае вялікі прысядзібны ўчастак. “З усім спраўляемся! Ды і родныя дапамагаюць”, – не губляе аптымізму гэты дастойны мужчына.
А вось з яшчэ аднымі адрасатамі акцыі – маладым ушачанінам Кірылам Коўзанам і яго чатырохгадовым сынам Максімам – мы пазнаёміліся ўпершыню. Візіт “Патрыётаў Беларусі” малыша зусім не збянтэжыў: ён дзелавіта паціснуў руку старшыні арганізацыі Арцёму Гарбаценку, уладкаваўшыся на каленях у Дзядулі Мароза, бойка прадэкламаваў вершык, а атрымаўшы вялікую пажарную машыну, усклікнуў, што якраз марыў пра гэткі падарунак!
Так сталася, што шлюб яго бацькоў аказаўся недаўгавечным, і яны дамовіліся, што выхоўваць хлопчыка будзе тата. Кірылу давялося кардынальна змяніць уклад жыцця: дагэтуль працаваў у Мінску ў будаўнічай сферы, цяпер жа шукае месца ва Ушачах – спадзяецца, што яго кваліфікацыя спецыяліста аргоннадугавой зваркі зацікавіць працадаўцаў. Максім ходзіць у садок, з доглядам дапамагае мама Кірыла, але яна яшчэ працуе, так што маладому тату спраў дакладна хапае. “Не разумею мужчын, якія ў падобных сітуацыях адназначна ўпэўнены, што з мамай дзіцяці будзе лепш, ці ўвогуле ўхіляюцца ад выхавання. Максімка – самы важны для мяне чалавек і я пастараюся зрабіць усё, каб ён быў шчаслівы!” – падзяліўся сваёй гісторыяй Кірыл.
А камунікабельны хлопчык тым часам… забаўляў гасцей: паказваў любімыя цацкі, распавядаў пра жыццёвыя планы – маўляў, раней марыў стаць паліцэйскім, але цяпер падумвае і аб кар’еры пажарнага. Ужо зараз бачна, што сапраўдным мужчынам вырасце!
Наталля БАГДАНОВІЧ.

