Чаму на раённую Дошку гонару з калектыву вылучылі менавіта Віталя Мікалаевіча Маісеенку? На гэтае пытанне начальнік Ушацкага ўчастка “Полацквода-канала” Р.В.Селезень адказвае без роздуму: “Адзіны электрага-зазваршчык на дзве брыгады, самы малады і самы хуткі слесар аварыйна-аднаўленчых работ. Кемлівы, адказны і з тых, хто не хаваецца за іншых пры складаных сітуацыях. Ды лёгкіх у нас і не бывае”.
Давялося пераканацца ў гэтым і самой, калі пару год таму без вады аказаўся наш мікрараён: люты, канец рабочага дня, а дакапацца да прычыны праблемы, як і непасрэдна да вентыля, не ўдавалася. Меркавалі ўжо на наступны дзень экскаватар выклікаць, ды настойлівасць Віталя паставіла кропку ў гэтым пытанні. Справа ў тым, што менавіта на яго як самага хударлявага выпала складаная задача адшукаць у вузкім жалезабетонным кальцы заглееную за дзесяцігоддзі трубу з вентылямі і прабіць “закальцынаваную” адтуліну падачы вады.
Гэта была якраз тая сітуацыя, калі ніхто акрамя яго гэтага б не зрабіў – проста не памясціўся б у кальцы з інструментам. І падобныя, калі патрэбны менавіта ён, паўстаюць штораз на трасах, дзе неабходна зварка. Пры планавым аб’екце Віталь накіроўваецца са сваёй брыгадай, а пры непрадбачаным парыве, дзе б ні быў – за ім спецыяльна выклікаюць машыну.
“Летам прасцей не толькі з-за таго, што не трэба раскопваць мёрзлую зямлю – нават сёлета, пры невялікіх маразах, на 60 сантыметраў скавала. Вада тады прабіваецца непасрэдна ля месца парыву, а вось нядаўна – ажно ў васьмі метрах ад яго – усе з якіх давялося падымаць. Труба там чыгунная, яна “не варыцца” – металічна-гумавую шыну наклалі. Ну а ёсць такія месцы, што паспрабуй падбярыся са зваркай”, – расказвае Віталь, не забыўшыся пацікавіцца, ці няма больш праблем з вадой у нас па вуліцы. Нездарма водаканал называюць уважлівай да патрэб людзей службай!
Хоць у працоўнай кніжцы В.Маісеенкі значыцца ўжо другая арганізацыя – займаецца ён усё той жа справай, што і ў камунгасе, куды прыйшоў у 2012 годзе слесарам. Па накіраванні арганізацыі вучыўся, а пад куратарствам Уладзіміра Мікалаевіча Лемеша адточваў майстэрства зваркі. А пасля рэарганізацыі службы іх брыгада ў поўным складзе стала адным з участкаў “Віцебскводаканала”. За трынаццаць год ён можа прыгадаць і начныя выклікі, і трохсутачныя работы па ўхіленні “экстры”, і назваць усе замененыя па раёне на пластык лініі.
Як і любы слесар АВР, Віталь не раз запускаў генератар, помпу, трымаў у руках перфаратар, балгарку і ўсё іншае абсталяванне іх універсальнай машыны. А ў Лепельскім каледжы атрымаў спецыяльнасці муляра, трактарыста, слесара, так што без работы ніколі не застанецца. Ну і ўявіце, якім жа залатым мужам і зяцем з’яўляецца! Літаральна ўсе работы па доме, ад замены крана да ўкладкі пліткі Віталь, канечне, выконвае самастойна. І калі ў сваёй кватэры амаль нічога рабіць і не давялося – сацыяльнае жыллё здаецца з поўнай аддзелкай – то вось на дачы ў цешчы прымяняе ўсе будаўнічыя навыкі. А пасля пакупкі аўтамабіля набыў нават другі ўласны зварачны апарат – яго рамантуе таксама сам.
Такі працавіты, адкрыты, гатовы выручыць гэты малады спецыяліст яшчэ і таму, што ў 30 з невялікім яму давялося прайсці паскораны курс сталення і самастойнасці. З удзячнасцю прыгадвае сваіх прыёмных бацькоў – сям’ю Аўсіевічаў: калі па стане здароўя маці не змагла яго даглядаць (таты не стала даўно), ён пераехаў з гарпасёлка і дзявяты клас заканчваў у Ільюшыне. Атрымліваў стыпендыю ў каледжы, бясплатна харчаваўся, жыў у інтэрнаце, а якім падарункам да першага дня нараджэння дачушкі аказалася новая двухпакаёвая кватэра па Віцебскай. Зразумела, што і пры такой падтрымцы патрэбны былі грошы, і юнак заўсёды імкнуўся зарабіць свае. Пры рознабаковасці яго заняткаў не забываецца і на хобі – рыбалку, у тым ліку і падводную. І ні на што не скардзіцца, а калі паступаюць прапановы перайсці ў іншую арганізацыю, з усмешкай адзначае, што з іх дружнага калектыву ўходзяць толькі на заслужаны адпачынак.
Вольга Караленка.