Кражи, мошенничества, подделка документов. Какие уголовные дела возбуждены в Ушачском районе в последний месяц 2025 года

Происшествия

Крадзяжы, махлярствы, падробка дакументаў… На што толькі не ідуць незаконапаслухмяныя грамадзяне! Пра крымінальныя справы, узбуджаныя на Ушаччыне ў апошні месяц 2025 года, нам рассказалі ў райаддзеле міліцыі.

Сварка з наступствамі

Канфлікт паміж сужыцелямі з Ушач для абаіх скончыўся сур’ёзнымі праблемамі. Чаму пачалі сварыцца, зараз дакладна сказаць не могуць, аднак малады мужчына з размаху ўдарыў рукой апанентку па твары (наяўнасць побач дзяцей яго не спыніла). Жанчына атрымала лёгкія цялесныя пашкоджанні. І хоць прэтэнзій да другой палавіны потым не мела, без узбуджэння крымінальнай справы ў адносінах агрэсара не абышлося – па матэрыялах РАУС гэта зрабіла пракуратура.

“Добрыя” знаёмыя

Усё часцей рэгіструюцца выпадкі, калі ад дзеянняў злодзеяў церпяць іх знаёмыя, прычым, часта – пасля сумеснага спажывання алкаголю. Так, наяўнасць судзімасці не спыніла ад крадзяжу 35-гадовую ўшачанку – у аднаго з удзельнікаў застолля яна выцягнула 600 рублёў.
Праблемы з законам зарабіў сабе таксама мужчына, які “падшафэ” сеў за руль аўтамабіля знаёмай і ўрэзаўся ў слуп. Жанчыну, якая была ў яго кампаніі, меркавалі прыцягнуць да адказнасці за перадачу права кіравання нецвярозаму – але ж яна напісала заяву, маўляў, нічога пра факт такой язды не ведае, паколькі яе “Сітраен” угналі.

Давер…на тры тысячы

Павёўся на хітрыкі знаёмага малады чалавек, які меркаваў танна набыць айфон, іншую тэхніку. 39-гадовы мужчына паведаміў, што мае радню за мяжой, дзе ўсё неабходнае можна купіць за суму, эквівалентную ўсяго 3326 беларускіх рублёў. Наш зямляк перадаў яму грошы і чакаў, калі ўрэшце атрымае тавар. Вось толькі ўжо судзімы грамадзянін (дарэчы, у яго “паслужным спісе” – дзве аналагічныя крымінальныя справы) на званкі не адказваў і ў райцэнтр не прыязджаў… Пацярпелы звярнуўся з заявай у міліцыю.

Адчувальная падмена

Ад дзеянняў інтэрнэт-махляроў пацярпеў ушачанін, які праз пляцоўку аб’яў “Куфар” меркаваў набыць сабе эхалот для рыбалкі. Кошт у памеры 1100 рублёў з улікам годных характарыстык прылады яго цалкам задаволіў. Вось толькі пасля пераводу грошаў мужчына атрымаў значна дзешавейшы яе варыянт. Як высветлілі праваахоўнікі, прадавец паспадзяваўся на няўважлівасць пакупніка: гэтак жа на “Куфары” знайшоў эхалот усяго за 80 рублёў, аплаціў гэтую суму і ўказаў не свой, а ўшацкі адрас для дастаўкі – такім чынам, збярог сваю наварочаную прыладу (калі, канечне, яна ў яго была) і разжыўся на розніцу ў кошце тавараў.

Без мэблі і грошаў

А вось сям’я нашых землякоў (дарэчы, ужо не першая!) сама запрасіла да сябе махляроў. Адбылося гэта, канечне, выпадкова. Запланаваўшы дома рамонт, людзі звязаліся са сталічнай фірмай, якая займаецца вырабам і ўстаноўкай корпуснай мэблі, і пасля праведзеных яе спецыялістам замераў, заключэння дагавору ўнеслі частку кошту будучай кухні, а гэта 4407 рублёў. Але ж абноўку так і не дачакаліся. Па ўзгаданым факце ў адносінах прыватніка ўзбуджана крымінальная справа.

Дакументы з “карэкціроўкай”

“Засвяцілася” перад праваахоўнікамі бухгалтар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Каб пазбегнуць санкцый за дапушчаны падзеж жывёлы, палепшыць паказчыкі дзейнасці гаспадаркі, 45-гадовая жанчына ўнесла несапраўдныя звесткі ў статыстычную справаздачнасць.

Незаконны арсенал

выяўлены па адным з адрасоў у вёсцы Гарадок. Для чаго мужчына купляў і захоўваў порах прамысловай вытворчасці (канфіскавана звыш 170 гр.), высвятляецца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *