Маразы ўскладняюць жыццё не толькі людзям, а і братам нашым меншым: птушкам, звярам і нават рыбам. Апошнія, праўда, холаду не баяцца, проста менш харчуюцца і рухаюцца, пераходзячы ў рэжым энергазберажэння. У крыві паўночных рыб нават маюцца бялкі-антыфрызы, якія не дазваляюць ім замерзнуць. А вось ледзяны панцыр, што ўсталёўваецца на азёрах, можа нарабіць бяды.
Кісларод патрэбны ўсім!
Зрэшты, для большасці вадаёмаў лёд – гэта не вораг, а шчыт, які затуляе ваду ад ветра, перападаў тэмпературы і захоўвае падлёдны свет стабільным. Запасаў кіслароду насельнікам, як правіла, хапае і яны без праблем пераносяць зіму. Непрыемнасці могуць узнікнуць на неглыбокіх, непраточных і зарослых азёрах. Тоўсты лёд, на якім ляжыць снег, мала таго што не прапускае ў ваду паветра, дык яшчэ і зацямняе яе, спыняючы фотасінтэз водарасцяў, якія вырабляюць кісларод. Для пранікнення хаця б мінімальнай колькасці святла, неабходнага для раслін, снежны пласт павінен быць менш 10 сантыметраў, зараз жа на ўшацкіх вадаёмах ён большы за 20. А яшчэ і працэс гніення воднай расліннасці паніжае ўзровень дэфіцытнага кіслароду. У выніку яго рэзервы заканчваюцца – і пачынаецца зімовы замор рыбы.
“Далучыцца да прафілактычнай акцыі можа кожны рыбак, калі расчысціць снег на паверхні вадаёма, зробіць адтуліны ў лёдзе”, – падкрэслівае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Святлана Акулёнак.
Найбольш адчувальныя да недахопу кіслароду акунь, шчупак, лешч, язь, плотка, а вось карась і карп пераносяць гэта лепш.
Папярэдзіць бяду
На Віцебшчыне вызначаны больш 40 азёр, дзе такія з’явы – нярэдкасць. Папярэдзіць іх заклікана штогадовая экалагічная акцыя “Зробім лунку – выратуем рыбу ад замору!”. На гэтым тыдні яе распачалі і ўшацкія прыродаахоўнікі. “Зводная брыгада”, у якую ўвайшлі прадстаўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, грамадскія эколагі, выехалі на азёры Мена і Люкташ, якія лічацца найбольш схільнымі да заморных з’яў. Далучыліся да годнай справы і мы.
Найперш, канечне, варта ўпэўніцца, што выхад на лёд будзе бяспечным. Старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах Мая Пацэйка робіць замер і дае дабро: таўшчыня пласту – 25 сантыметраў. Некалькі секунд – і бензапіла ва ўмелых руках супрацоўніка МНС Антона Аўдошкі выразае ў лёдзе квадратнае акно. Каб дапамога была эфектыўнай, патрэбна каля трох адтулін на гектар плошчы.
“Чаму ўдзел у гэтай акцыі прымаюць выратавальнікі?” – цікавімся ў яго. “Мы заўсёды там, дзе трэба ўхіліць або папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі – а менавіта да такіх належаць заморы. Падобныя прыродныя з’явы наносяць значны экалагічны і эканамічны ўрон”, – тлумачыць Антон Мікалаевіч.
Мы ж тым часам запаўняем лункі трыснягом – полыя сцяблы будуць спрыяць пранікненню паветра ў ваду, нават калі праз пэўны час палонкі зацягнуцца лёдам.
Што павінна насцярожыць?
Паведамленняў пра заморы не толькі ў нашым раёне, а і ў вобласці гэтай зімой пакуль не было, аднак верагоднасць іх узнікнення існуе. Пра гэта могуць сведчыць першыя прыкметы: з’яўленне ў лунках малькоў рыбы, непрыемны пах і мутнасць вады. Калі вы заўважылі нешта падобнае – паведіміце прыродаахоўнікам.
Завяршаем работу і з прыемным пачуццём рушым праз снежныя гурбы да берага. Вядома ж, паездка гэта не аднаразовая і акцыя будзе працягвацца, пакуль не знікнуць фактары рызыкі. Мы карыстаемся ўшацкімі прыроднымі багаццямі, і ў няпросты час павінны паспрыяць іх захаванню.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


