“Мядзведжая сіла”… Можа маляўнічы куточак на беразе прыгожага возера варта было назваць неяк больш “мякка” і рамантычна? Чамусьці так мне падумалася, калі мінулай вясной даведалася пра адкрыццё ў нашым раёне новай аграэкасядзібы. Калі ж днямі пабывала ў Замошшы і на свае вочы пабачыла ўладанні Святланы і Аляксея Шэндрыкавых – упэўнілася, што назва для гэтага месца падабра на максімальна трапная
“Не, увачавідкі мядзведзяў пакуль не сустракалі, але сляды касалапага мы з Алмазам у наваколлі бачылі!” – адказаў гаспадар на ўжо звыклае для яго пытанне. А заадно і прадставіў нам любімага гадаванца – сімпатычнага вялізнага сабаку, які, напэўна, больш за ўсіх быў рады іх пераезду з піцерскай кватэры на далецкія абшары..
Карані, якімі ганарацца
Зрэшты, падставай для абрання назвы сядзібы стала не толькі запаведнасць тутэйшых мясцін. Мядзведзь у іх сям’і лічыцца татэмнай жывёлай, бо спалучае прыгажосць і розум, сілу духа і моц. Ды што казаць, гэта ж – адзін з сімвалаў Расіі, дзе большую частку жыцця правялі героі аповеду. Святлана – ураджэнка Сібіры, а вось у Аляксея – ушацкія карані, таму роднымі ён лічыць абедзве краіны. У Вялікіх Дольцах жыў яго дзядуля Міка лай Іванавіч Гоман – легендарны чалавек, які прайшоў тры вайны. Разам з бабуляй яны вырасцілі васьмярых дзяцей, таму на Далеччыне і зараз нямала прадстаўнікоў іх роду. Звесткі прадзеда захоўваюцца ў нашым музеі народнай славы, а вось здымкі свайго бацькі Мікалая Патапавіча, які таксама ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, Аляксей заўсёды носіць у кішэні. Ён з гордасцю паказаў нам прывітальны надпіс, зроблены татам на зваротным баку
фота і датаваны пераможным 45-м. А яшчэ паведаміў кранальную сямейную гісторыю: старэйшы брат яго бацькі быў франтавым хірургам і загінуў на Курскай дузе, а калі ўжо ў даволі немаладым узросце ў Мікалая нарадзіўся сын, яго назвалі Алёшам – у гонар паўшага героя. Тэма вайны для гэтай сям’і – асаблівая, а таму не прапускаюць яны ніводнага марша “Бессмяротнага палка”.

Прыслухаліся да…мурашак
З уласцівым ім імпэтам узяліся Аляксей і Святлана і за турыстычную справу. Ідэя ўзнікла спантанна. Яшчэ некалькі год таму галава сям’і плённа працаваў у сферы аховы, а спадарожніца яго жыцця – у індустрыі прыгажосці Паўночнай расійскай сталіцы. Набыты ў 2012 годзе праз аўкцыён участак на Далеччыне разглядалі як годнае ўкладанне і пачалі
будаваць тут дачу для сваіх пажылых блізкіх. Калі ж тыя раптоўна пайшлі з жыцця – выставілі ўзведзеныя пабудовы на продаж, але ў справу ўмяшаліся віцебскія пляменнікі: маўляў, гэта ж райскае месца, будзем прыязджаць сюды на адпачынак! У гэты момант і нарадзілася ў піцерскай пары думка кардынальна змяніць жыццё.
– Калі восенню 2023-га Лёша абмовіўся пра пераезд – у мяне аж мурашкі па спіне пабеглі: так захацелася пусціцца ў гэтую прыгоду! – узгадвае Святлана. – Ледзь дачакаўшыся вяс
ны, я прыбыла ў Дольцы, пасялілася ў дзядулевай хаце і пачала штодня, як на працу, ездзіць у Замошша – займацца аддзелкай дома. А неўзабаве, завяршыўшы службовыя справы, да мяне і муж далучыўся.
– Работы, канечне, было шмат, ды і сродкаў спатрэбілася нямала! Мы ж вырашылі: калі рабіць – дык якасна, каб прывабліваць гасцей не толькі райскімі краявідамі, а і камфортам, –
тлумачыць Аляксей. – А дзеля гэтага давялося “спаліць гарадскія масты”: прадаць не толькі піцерскую кватэру, а і дзве машыны. І ведаеце, ніколькі пра гэта не пашкадавалі, бо тут, ва ўшацкай глыбінцы, штораніцы прачынаем ся шчаслівымі! Зямля гэтая сапраўды жыватворная – на нашым участку нават крынічка б’е, мы яе абсталявалі, а ваду ў лабараторыю звазілі – яна крыштальна чыстая, цяпер толькі з яе ежу гатуем.

Гарадскія выгоды і адчуванне свабоды
Гаспадары аказаліся не толькі нястомнымі працаўнікамі, а і таленавітымі дызайнерамі. Паклапаціліся, каб стыль адпавядаў назве: гэта бачна і ў колерах, і ў матэрыялах, і ў мэблі – ніякага пластыку, усё натуральнае, з бярвення. Узяць, напрыклад, шасціметровае дрэва, якое праходзіць у доме праз абодва паверхі. Старая чорная вольха расла на ўчастку і была прызнана аварыйнай – але пайшла не на дровы, а стала стыльным элементам дызайну: вялізны ствол у хату цягнулі праз разабранае акно аж 15 чалавек! Усе пакоі, санвузлы – утульныя і стыльныя, а якая тут лазня! На сядзібе і зімой цудоўна, а што ўжо казаць пра лета: абсталяваны пірсы, закуплены лодкі, сапборды… Па добраўпарадкаванні зроблена многае, яшчэ больш – у планах. Вось толькі агароджы ў іх няма – і не будзе: наўмысна ад яе адмовіліся, каб адчуванне свабоды заставалася.
Першы сезон “Мядзведжая сіла” працавала, скажам так, у тэставым рэжыме. Турыстаў прымалі, але паралельна даводзілі ўсё да толку. Вызначаліся са сваёй нішай і прыйшлі да высновы, што ўводзіць абмежаванне “толькі для ціхага сямейнага адпачынку” не будуць: недзе ж трэба людзям і весела, у добрай сяброўскай кампаніі час правесці. Вядома ж, у рамках дазволенага, не перашкаджаючы іншым.
Ну а мы, канечне, вельмі рады, што ў прыгожым Замошшы, дзе не першы год плённа дзейнічае сядзіба “Марусіна хата”, з’явілася яшчэ адна пара энтузіястаў, якая шчыра жадае развіваць турыстычны бізнес на Ушаччыне і, здаецца, ведае, як гэта рабіць.
Наталля БАГДАНОВІЧ

