Знают ли ушачане отечественные бренды и родной язык? Участники «Клуба юных репортеров» присоединились к масштабному белорусскому проекту «Кожная пятнiца — роднае, сваё»

Общество

На пытанні адказваюць сям’я Крахотка і С.Байкоў.

Калі мы даведаліся, што ў Беларусі стартаваў маштабны праект “Кожная пятніца – роднае, сваё”, які мае на мэце падтрымку беларускіх тавараў і традыцый, то таксама вырашылі да яго далучыцца. Як гэта зрабіць? Арганізатары прапаноўваюць, напрыклад, апрануць у прыгаданы дзень адзенне ці абутак беларускіх вытворцаў, прыгатаваць ежу з айчынных прадуктаў, паслухаць нацыянальную музыку, пагутарыць на роднай мове…

Паглядзелі мы адзін на аднаго і ўсміхнуліся: на кожным – школьныя камізэлькі фабрыкі “Палессе”, так што першы пункт мы выконваем не толькі па пятніцах! Ды і з роднай мовай сябруем: а як жа інакш, калі класным кіраўніком у нашым 7 “Б” – выкладчык гэтага прадмета Алена Васільеўна Ціханава. Адным словам, вырашылі мы не толькі самі ў праекце паўдзельнічаць, а і расказаць пра яго ўшачанам. Прычым, у цікавай форме: прыдумалі пазнавальную тэматычную віктарыну, для смеласці хорам выканалі ў класе пад караоке сваю любімую беларускую песню пра сланечнік пад акном – і пайшлі на цэнтральную плошчу…

Першай на шляху нам трапілася настаўніца нашай школы Таццяна Леанідаўна Шарына – вось і выдатна, пратэсціруем задумку на знаёмым добразычлівым чалавеку. Цікава, як справіцца педагог, што выкладае фізкультуру, з заданнем па лінгвістыцы? “Бусел”, “цыбуля”, “парасон”, “ліхтар” – ніякіх праблем з перакладам беларускіх слоў на рускую мову ў нашай суразмоўцы не ўзнікла. Як і з пытаннем, якую прадукцыю выпускаюць айчынныя кампаніі “Віцьба”, “Марка”, “Камунарка” – Таццяна Леанідаўна патлумачыла, што сама неаднойчы купляла віцебскі абутак, ну а цукерку прыгаданай кандытарскай фабрыкі атрымала ад нас у якасці прыза.

С.Малахаў.

Узбадзёраныя, мы рушылі да маладога таты, які прагульваўся па плошчы з дзіцячай каляскай. Як аказалася, гэта Станіслаў Аляксандравіч Малахаў, які ў свой час быў перадавым механізатарам, намалочваў на камбайне па тысячы тон зерня, таму неаднойчы ўзгадваўся ў газеце “Патрыёт”. І канечне, ён з лёгкасцю адказаў нам, што кампанія “Санта Брэмар” выпускае рыбную прадукцыю, “Юкка” – марожанае, а “Палессе” – дзіцячыя цацкі, а яшчэ дадаў, што для сваіх дзетак набывае айчынныя тавары, бо не сумняваецца ў іх якасці. Шчыра скажам, мы засталіся пад уражаннем ад знаёмства з такім цікавым і пазітыўным чалавекам.

Ідзём далей і сустракаем кампанію людзей у дзелавым адзенні, якія нешта абмяркоўваюць. Крыху няёмка перарываць іх гутарку, але ж рэпарцёры, нават пачынаючыя, павінны быць рашучымі! І госці нашага райцэнтра, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса Бешанковіцкага раёна, што прыбылі ва Ушачы на пасяджэнне, ветліва згадзіліся паўдзельнічаць у апытанні. Галіна Віктараўна Шчуко, напрыклад, ведала значэнне прыгожага беларускага слова “знічка”, якому ў рускай мове няма аналага (гэта зорка, што падае). А Аляксей Васільевіч Івашнёў у сваю чаргу захацеў праверыць наш узровень і запытаўся, што такое “сцізорык”. А калі мы бойка адказалі, што гэта складны кішэнны нож, быў прыемна здзіўлены! Вядома ж, добра ведалі нашы госці і айчынныя кампаніі: на пытанне, што вырабляюць на “Белджы” – Аляксей Васільевіч паказаў на прыпаркаваны непадалёк аўтамабіль гэтай маркі, і ўсім нам было радасна ўбачыць, што беларускія машыны запатрабаваныя.

Т.Шарына

Адбылося і яшчэ адно прыемнае знаёмства: жыхары райцэнтра Ларыса Аркадзьеўна і Сяргей Васільевіч Крахоткі, а таксама брат жанчыны Сямён Аркадзьевіч Байкоў не толькі з лёгкасцю пераклалі ўсе прапанаваныя беларускія словы, а і дадалі, што “вясёлка”, гэта не толькі “радуга”, а і грыб, які лічыцца лекавым. А яшчэ брат і сястра прыгадалі родную школу – Слабадскую васьмігодку – і настаўніцу беларускай мовы Зінаіду Фамінічну Красько, якой і абавязаны трывалымі ведамі. Апроч таго Ларыса Аркадзьеўна падзялілася з намі, што адна з любімых рэчаў у яе гардэробе – блузка з беларускім арнаментам.

У тым, што старэйшае пакаленне ведае родную мову і любіць рэчы айчынных вытворцаў, мы дакладна ўпэўніліся. А вось што скажа на гэты конт моладзь? Зрэшты, старшакласнікі Паліна Аўласенка і Яраслаў Севярын рэпутацыю нашай школы не сапсавалі. Ведалі нават тое, што на фабрыцы “Нёман” крышталь вырабляюць.

Шчыра кажучы, шкада нам было апытанне завяршаць – столькі прыемных эмоцый, новых знаёмстваў і ведаў за гэты час атрымалі. А галоўнае, упэўніліся, што жыхары і госці нашага раёна – сапраўдныя патрыёты, якія цэняць роднае, сваё!

Матэрыял падрыхтавалі ўдзельнікі
Клуба юных рэпарцёраў Ганна БЕХАВА, Вікторыя ГЛІНСКАЯ, Ганна ДУБРОЎСКАЯ,
Арына КАРЭЙША, Дар’я КЛАЧОК,
Ганна КОРШУН, Аліса ПІНЧУК,
Любава ЦІХАНЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *