Будет ли расти микрорайон улицы Витебской, когда состоится открытие ФОКа в Ушачах? Ответы на эти и другие вопросы в нашем материале

Общество

Калі ў рэгіёне бачны будаўнічыя краны – значыць, ён развіваецца. Ва ўсе часы менавіта гэтая галіна была лакмусавай паперай стану эканомікі і дабрабыту насельніцтва. Пра справы сёлетнія і перспектывы – наша гутарка з намеснікам старшыні райвыканкама А.В.ГАЛЯКОВІЧАМ, які і курыруе будаўнічую сферу.

– Андрэй Вітальевіч, хоць галіна зараз не ў росквіце, аднак Ушаччыну пакрыўджанай не назавеш. Станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Арэхаўна, рамонт дзіцячага сада, фізкультурна-аздараўленчы комплекс…

– Больш таго, за мінулы год мы ў паўтара раза ў параўнанні з папярэднімі гадамі перавыканалі аб’ём будаўніча-мантажных работ у інвестыцыях. Калі ў 2014-м, 2015-м на гэтыя мэты расходавалася 5905 тысяч, то летась – 8668. Паўплывалі такія вялікія аб’екты, як рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, шматкватэрнага дома. У мінулым годзе ў раёне ўведзена 2304 квадратныя метры жылля ў 40-кватэрным доме і 1609 – індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Будаўніцтва працягваецца, і ў гэтым вялікая заслуга нашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Практычна ўсе пералічаныя аб’екты – як і газіфікацыя трох кааператываў, рэкультывацыя меліярацыйных палеткаў “Агра-Селішча”, рамонт бальніцы і паліклінікі – пры яго актыўным садзейнічанні.

– Якія яшчэ аб’екты акрамя пералічаных запланаваны на сёлетні год?

– Сіламі камунальнікаў вядзецца капітальны рамонт двух дамоў, дарожнікаў – вуліцы Калінінскай. Паколькі грошай выдзелена нямнога, то гэтыя аб’екты будуць пераходнымі і на наступны год. Таксама сёлета распрацоўваецца праектная дакументацыя на яшчэ адзін кааператыў па газіфікацыі – вуліцы Полацкай, зроблены праект на рэканструкцыю будынка пад школу мастацтваў.

– І дзе размесціцца доўгачаканы цэнтр музыкі?

– У корпусе нумар тры Ушацкай сярэдняй школы – там, дзе раней знаходзіўся вучэбна-вытворчы камбінат.

– Не магу не запытацца, калі ж адбудзецца адкрыццё нашай асноўнай новабудоўлі і ўпрыгожання гарпасёлка – фізкультурна-аздараўленчага комплексу?

– Здача аб’екта запланавана на 18 жніўня, хутка пасля гэтага будзе і ўрачыстае адкрыццё.

– Што з будаўніцтвам шматкватэрных дамоў? Мікрараён на Віцебскай будзе расці?

– Усё залежыць ад жадання і плацежаздольнасці нашых людзей. Будаваць можна і з дзяржаўнай падтрымкай, як гэта робіцца, і пры долевым удзеле прадпрыемстваў, як было раней. З уступленнем у сілу Указа №240 нашы грамадзяне мабыць актывізуюцца, а калі набярэцца дастатковая колькасць – будзем працягваць.

– Зусім нямнога засталося ў гарпасёлку свабодных участкаў і пад індывідуальнае будаўніцтва. Які мікрараён плануецца пад забудову?

– Згодна з генеральным планам – за бальніцай уздоўж ракі. Адпаведна існуючых норм, перад тым як прапанаваць участкі, там павінен быць пракладзены неабходны мінімум: дарога, каналізацыя, электрычнасць. Аднак, з-за адсутнасці сродкаў праект прыпынены.

– На ўсіх прыгаданых будаўнічых аб’ектах працуе наша ПМК-66, хоць і розныя генпадрадчыкі.

– Гэта патрабаванне раённай улады да апошніх, зараз на рамонце дзіцячага сада №3, пакуль вядуцца неспецыялізаваныя работы, у нашага ПМК-66 аб’ёмы нават большыя, чым у генпадрадчыка. Такім чынам мы падтрымліваем свой калектыў, які здольны рабіць большасць будаўнічых работ, аднак з-за складанага эканамічнага становішча проста не мог удзельнічаць у тэндарах і быць генеральным падрадчыкам. Не магу не адзначыць, што з прыходам да кіраўніцтва Аляксандра Лукіча Фамёнка справы істотна палепшыліся: няма праблем з выплатай зарплаты, вярнуліся работнікі. Зараз ужо адноўлена ліцэнзія на генпадрадныя работы і наша задача на перспектыву – каб прадпрыемства працавала і за межамі раёна. А напярэдадні прафесійнага свята хочацца павіншаваць усіх будаўнікоў і ветэранаў галіны, пажадаць ажыццяўлення ўсіх планаў і вяртання былых пазіцый нашай асноўнай будаўнічай арганізацыі.

– Дзякуй за гутарку.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *