Ужо ў шосты раз на базе “Юнацтва-Ушачы” прайшла абласная спартакіяда работнікаў рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды рэгіянальнай дырэкцыі, а таксама Віцебскага, Лепельскага, Аршанскага, Полацкага і Глыбоцкага падраздзяленняў банка. Праграма спартакіяды была насычанай і разнастайнай. Каманды спаборнічалі ў дартсе, плаванні, кулявой стральбе, настольным тэнісе, гіравым спорце, кідках мяча ў кальцо і шахматах. Кожны від патрабаваў сваіх навыкаў, таму ўдзельнікам прыйшлося праявіць не толькі фізічную сілу, а і стратэгічнае мысленне, дакладнасць, вытрымку.
Выйшлі на пляцоўкі спаборніцтваў і прадстаўніцы Цэнтра банкаўскіх паслуг №237 у г.п.Ушачы, якія ўмацавалі лепельскую каманду. Вядучы спецыяліст карпаратыўнага бізнесу Наталля Баратынская закрыла такую важную дысцыпліну праграмы, як плаванне, а начальнік ЦБП Дзіна Садоўская выступіла ў стральбе – дарэчы, вельмі паспяхова, паколькі ў гэтым відзе лепельскія банкіры сталі другімі.
Асаблівую ўвагу сёлета прыцягнула кулявая стральба, якая ўпершыню праходзіла ў новым ціры, размешчаным у інтэрнаце для спартсменаў. Сучаснае электроннае абсталяванне прыемна здзівіла ўдзельнікаў, якія зазначылі, што такі аб’ект – сур’ёзны крок у развіцці спартыўнай інфраструктуры Ушаччыны.
“Вельмі падабаецца ў вашым раёне: цудоўная прырода, людзі, атмасфера. Праводзіць тут мерапрыемствы – адно задавальненне”, – не хавалі свайго захаплення госці.
Дарэчы, акрамя спартыўнай часткі іх чакаў прыемны сюрпрыз – выстава-дэгустацыя, падрыхтаваная народным калектывам “Прысмакі”. Духмяныя каларытныя і па-хатняму смачныя стравы беларускай нацыянальнай кухні сталі выдатным дадаткам да насычанага дня і дазволілі ўдзельнікам не толькі аднавіць сілы, а і ацаніць кулінарныя традыцыі рэгіёну.
Трэба сказаць, што такія мерапрыемствы ўмацоўваюць карпаратыўны дух, ствараюць атмасферу адзінства – у гэтым іх асноўны сэнс. Але і спартыўны складнік, канечне, важны: першае месца ў агульным заліку заняла каманда рэгіянальнай дырэкцыі, другое – прадстаўнікі віцебскага падраздзялення, трэцяе – полацкага.
Анастасія ПОЛАЗАВА.


