Великодолецкие школьники покоряют лыжные вершины на соревнованиях «Снежный снайпер» и областных спартакиадах

Cпорт

Г.Бука.

На мінулым тыдні галоўнымі героямі нашых спартыўных навін сталі вялікадолецкія школьнікі. Аматары біятлону з хваляваннем сачылі за раўбіцкімі гонкамі, дзе лепшыя юныя спартсмены змагаліся ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Ганна і Ксенія Бука выступілі ў спрынтарскіх гонках і мас-стартах, малодшая сястра па іх выніках стала 12-й і 11-й, старэйшая заняла адпаведна 8-е і 7-е месцы. Прычым Ксюша ў апошняй дысцыпліне паразіла ўсе мішэні і доўгі час ішла ў лідзіруючай тройцы, аднак на фінішным адрэзку ёй крыху не хапіла сіл. Хочацца таксама адзначыць, што Аня магла разлічваць на ўдзел у змешанай эстафеце, бо паказала ў спрынце другі вынік сярод віцебскіх дзяўчат (гэта давала амаль стапрацэнтны шанс на медаль: прыдзвінская каманда ў гэтым відзе была галоўным фаварытам). Але трэнеры, якія фарміруюць састаў, аддалі перавагу іншай біятланістцы, якая ў спрынтарскай гонцы фінішавала толькі 22-й, адстаўшы ад вялікадальчанкі амаль на мінуту.

Віцебскі квартэт заваяваў “золата”, а вось “срэбра” ў гэтым відзе дасталася камандзе Мінска, за якую выступала дачка нашай славутай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай і легендарнага біятланіста Уле-Эйнара Б’ёрндалена Ксенія.

Што да вынікаў выступлення ўсёй прыдзвінскай зборнай, то сёлета яно было вельмі дастойным: сем медалёў і трэцяе месца ў агульным заліку, перамогу ў якім прадказальна заваявалі сталічныя біятланісты. Самых лепшых слоў заслугоўваюць і нашы дзяўчаты: яны вельмі стараліся і паказалі тое, на што ў гэты раз былі здольныя.

А тым часам іншыя выхаванцы вялікадолецкага настаўніка Уладзіміра Лапіцкага паказвалі сваё майстэрства на спаборніцтвах па лыжных гонках у рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў гуртках і секцыях па месцы жыхарства.

Абласны этап, які праводзіўся на базе Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву, прынёс ім вялікую колькасць медалёў. Проста феерычна выступілі хлопцы на дыстанцыі 3 кіламетры: Антон Рэут, Іван Карпёнак і Дзмітрый Гоман заваявалі адпаведна “золата”, “срэбра” і “ бронзу”, у лепшай дзясятцы фінішавалі таксама Кірыл, Аляксандр і Дзмітрый Пугач (5, 6 і 9 месцы). Натуральна, што трыа нашых прызёраў з вялікім адрывам выйграла і эстафету. Свой унёсак у медалёвую скарбонку зрабілі і дзяўчаты: Лера Гоман, Даша Цар і Саша Асіпёнак заваявалі ў гэтым відзе “бронзу”.

Як вынік – першае агульнакаманднае месца нашых землякоў і права прадставіць рэгіён на фінальных рэспубліканскіх спаборніцтвах у Раўбічах!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *