Великодольчане приняли участие в финале республиканских соревнований «Снежный снайпер»

Cпорт

Мінулы тыдзень быў насычаны біятлоннымі падзеямі – страляючыя лыжнікі спаборнічалі на трасах чэмпіянату свету і Усерасійскай спартакіяды, але пры гэтым увага многіх ушачан была прыкавана да турніру няхай не такога высокага рангу, затое цікавага для нас: у фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” зноў выступалі юныя вялікадальчане.

У склад зборнай Віцебскай вобласці сёлета адабраліся Ксенія Бука і Антон Рэут. І прыемна адзначыць, што Ксюша праявіла сябе сапраўдным лідарам каманды. У спрынце, які адкрываў праграму, дзяўчынка паказала добры ход, дапусціла толькі адзін промах і пэўны час знаходзілася на трэцім радку фінішнага пратакола малодшай групы – але напрыканцы адна з саперніц выцесніла яе на чацвёртую пазіцыю. Усяго каля пяці секунд не хапіла Ксеніі, каб атрымаць “бронзу” з рук неаднаразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай, якая праводзіла ўзнагароджанне.

А колькі цудоўных слоў пачуў пра нашу зорачку стадыён у Раўбічах! “Актыўная, вельмі чулая, дапамагае бацькам, вучыцца на “выдатна”, занесена на школьную Дошку гонару… А ведаеце, як між сабой называюць Ксюшу аднакласнікі? Наша ракета!” – ахарактарызаваў яе перад эстафетай славуты каментатар Уладзімір Навіцкі. І дзяўчынка са старту кінулася даказваць трапнасць гэтага кампліменту – прыляцела на стрэльбішча першай, эстафету ж перадала другой, бо дапусціла чатыры промахі на двух рубяжах. Цікава, што пры гэтым яна апярэдзіла мінчанку, якая мела толькі дзве памылкі, а напярэдадні была прызёрам спрынту. На жаль, “срэбраную” пазіцыю віцябчанам утрымаць не ўдалося. Як, зрэшты, і ўвогуле разжыцца медалямі на сёлетнім фінале. Не змог паказаць усё, на што здольны, і наш Антон. Такім чынам чацвёртае месца Ксеніі стала самым высокім для прыдзвінскай каманды.
Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе “наша ракета” не знізіць касмічнай хуткасці. Выступаць ёй, праўда, давядзецца ўжо ў сярэдняй узроставай групе. Затое, як нам паведаміў настаўнік Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі, да “Снежнага снайпера” дарастуць зусім юныя вялікадолецкія таленты. Дарэчы, малодшую сястрычку Ксюшы Аню на трэніроўках жартаўліва называюць на скандынаўскі манер Ханнай – у гонар славутай шведкі Эберг, якая ў гэтыя дні заваёўвала чарговыя медалі сусветнага першынства. Хто ведае, можа на наступны год У.Навіцкі распавядзе раўбіцкім гледачам і пра гэта, а ў нас будуць свае сёстры-чэмпіёнкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *